Прыхільнікі прэзідэнта Венесуэлы атакавалі парламент, падкантрольны апазіцыі


Дзясяткі прыхільнікаў прэзідэнта Венесуэлы ўварваліся ў падкантрольную апазіцыі нацыянальную асамблею, параніўшы некалькіх дэпутатаў і журналістаў.

Як паведамляе Бі-бі-сі са спасылкай на мясцовыя СМІ, раненні атрымалі восем чалавек. Сярод іх – дэпутат Амерыка дэ Грацыя.

Беспарадкі пачаліся, калі прэзідэнт Нікалас Мадуру выступаў на вайсковым парадзе з нагоды Дня незалежнасці Венесуэлы.

Перад уварваннем яго прыхільнікаў у парламент віцэ-прэзідэнт Тарек эль-Айссамі раптам прыехаў у Нацыянальную асамблею з міністрамі і кіраўніком узброеных сіл Уладзімірам Падрыні Лопэсам.

Эль-Айссами выступіў з прамовай, у якой заклікаў прыхільнікаў уладаў прыйсці і выказаць ёй падтрымку. У выніку натоўп спачатку некалькі гадзін пратэставаў каля парламенту, а потым уварваўся ў будынак.

Парламент перайшоў пад кантроль апазіцыйных дэпутатаў у снежні 2015 года пасля чарговых выбараў.

У апошнія тры месяцы па ўсёй Венесуэле пратэстуе апазіцыя. Дэманстрацыі суправаджаюцца жорсткімі сутыкненнямі з паліцыяй. У выніку каля 90 чалавек загінулі.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў