У Арменіі разблакуюць дарогі, каб у Ерэван прыехалі пратэстоўцы з рэгіёнаў


Пратэсты ў Арменіі працягваюцца. Пасля таго, як праўладная партыя адмовілася падтрымаць лідара аксамітнай рэвалюцыі Пашыньяна, ён абвясціў тыднёвы агульнанацыянальны страйк.

«Адбылася нарада штаба Пашыньяна, на якой вырашылі зняць блакаду праз паўгадзіны, каб прыехалі пратэстоўцы з рэгіёнаў, бо цяпер заблакаваная ўся Арменія. Таксама Пашыньян у эксклюзіўным каментары «Белсату» сказаў, што перамовы будуць толькі ў выпадку, калі будзе падымацца тэма перадачы ўлады. Дэпутатка Алена Назаран паведаміла, што сёння чакаецца пацверджанне ад рэспубліканцаў, ці прагаласуюць яны за Ніколу 7 траўня. Людзі збіраюцца на вечаровы пратэст», – паведаміў журналіст «Белсату» Сяргей Пелеса.

Ад 2 траўня прыхільнікі Пашыньяна пачалі блакаванне дарог, метро і міністэрстваў. Журналіст «Белсату» Аркадзь Несцярэнка, які знаходзіцца ў Ерэване, распавядае, што заблакаваная не толькі сталіца, але і шматлікія дарогі па ўсёй краіне.

«Блакуюць вуліцы ў Ерэване, станцыі метро, рух з гораду ў аэрапорт і ўваходы ў тры міністэрствы: дыяспары, культуры і адукацыі. Заблакаваны доступ да будынку парламенту. З’явілася інфармацыя, што ў Гюмры, другім па велічыні горадзе Арменіі, блакуюць вуліцы. Людзі выставілі ўльтыматум мэру, каб вызначыўся, ці ён з народам. Як не, то тады патрабуюць ягонай адстаўкі. Таксама заблакаваны кавалак трасы, якая вядзе да Грузіі. Па ўсёй Арменіі ёсць заблакаваныя дарогі».

Пратэсты будуць працягвацца як мінімум да 7 траўня, калі маюць адбыцца новыя выбары кіраўніка ўраду.

«Нягледзячы на тое, што 1 траўня Пашыньяна не абралі прэмʼерам, людзі віталі яго, як пераможцу, і скандавалі «перамога». Частка людзей упэўненая, што яго выберуць з другой спробы, а іншыя не задумваюцца наконт юрыдычных аспектаў і ўжо кажуць, што перамаглі», – адзначае Аркадзь.

У другім туры Пашыньяну дастаткова мець падтрыманне 32 парламентарыяў. Калі прэм’ера не змогуць абраць і з другога разу, парламент распусцяць, а праз 40 дзён у Арменіі маюць адбыцца парламенцкія выбары.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў