Прыхільнікі Мадура заклікалі расстраляць апазіцыйнага прэзідэнта Гуаідо


Нацыянальны ўстаноўчы сход (Канстытуцыйная асамблея) Венесуэлы, якая падтрымлівае Нікаляса Мадура, заявіла аб пазбаўленні дэпутацкай недатыкальнасці Хуана Гуаідо, раней абвешчанага «часовым прэзідэнтам», паведамляе Associated Press.

Гэтае рашэнне супярэчыць законам Венесуэлы, бо пазбавіць дэпутацкага імунітэту можа толькі Нацыянальная асамблея (парламент, які ўзначальвае Гуаідо). Але кіраўніцтва ўстаноўчага сходу перакананае, што такім чынам можна будзе прыцягнуць Гуаідо да адказнасці перад судом.

Дэпутатка Марыя Леон на паседжанні ўстаноўчага сходу назвала Гуаідо «здраднікам радзімы», які заслугоўвае самага суворага пакарання. Як перадае El Nacional, на ейнае пытанне аб тым, што робяць са здраднікамі радзімы, іншыя дэпутаты адказалі воклічамі «¡Paredón!», што перакладаецца як «Да сценкі!» – заклік да расстрэлу. Чальцы ўстаноўчага сходу вымагаюць прыцягнення Гуаідо да народнага трыбуналу.

Тым часам Гуаідо заявіў, што не баіцца рашэння прыхільнікаў Мадура, але дапускае, што яны могуць яго выкрасці. Ён заявіў, што падначалены яму парламент ведае пра рашэнне, але не саступіць са свайго шляху. Гуаідо заклікаў венесуэльцаў зноў выйсці на дэманстрацыі супраць праблем з адключэннем вады і электрычнасці, якія трываюць у краіне.

Hавiны
Венесуэла амаль цалкам засталася без электрычнасці
2019.03.08 11:21

6 красавіка ў Венесуэле распачнецца першая фаза аперацыі «Свабода», якая прадугледжвае стварэнне паралельных структур улады ў кожным рэгіёне, што, на думку апазіцыі, разам з вулічнымі выступленнямі павінна прывесці да падзення рэжыму Мадура.

КА belsat.eu

 

Стужка навінаў