Прыхільнікі Каржа прайшліся па вуліцах Горадні. Міліцыянты: гэта несанкцыянаваная акцыя

Шэсце прыхільнікаў Макса Каржа ў Горадні міліцыянты палічылі несанкцыянаванай акцыяй, паведамляе гарадзенскі сайт s13.ru. Паводле рэсурсу цяпер высвятляюцца асобы ўдзельнікаў, а арганізатара шэсця прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

s13.ru пазначае, што гэтую інфармацыю пацвердзілі ў прэс-службе УУС Гарадзенскага аблвыканкаму.

«Распачаты адміністрацыйны працэс па справе аб арганізацыі несанкцыянаванай акцыі. Але пратаколаў на ўдзельнікаў яшчэ не складалі», – заявілі там.

Ініцыятар пікету ў Магілёве не жадае аплочваць паслуг міліцыянтаў

У сваю чаргу «Белсату» ў прэсавай службе УУС Гарадзенскага аблвыканкаму пра тое, што заведзеная справа ў дачыненні да ўдзельнікаў і арганізатара шэсця не пацвердзілі. Кіраўнік службы сказаў, што не ведае пра гэтую справу і прасіў даць яму час, каб высветліць акалічнасці, пазней яго тэлефон не адказваў.

Што да шэсця, то сапраўды, 25 жніўня каля 20 прыхільнікаў спевака Макса Каржа прайшліся па Савецкай вуліцы ў Горадні. Такім чынам маладыя гарадзенцы разлічвалі звярнуць увагу свайго куміра і запрасіць яго ў свой горад. У апошні раз Макс Корж выступаў у горадзе над Нёмнам у 2015 годзе.

Фота: hrodna.life

24 жніўня, у Менску адбыўся канцэрт гэтага выканаўцы. Мерапрыемства, якое было на стадыёне «Дынама», наведалі каля 35 тысяч асобаў.

Моладзь за некалькі гадзінаў да канцэрту Каржа сабралася каля стадыёну «Дынама»

СК belsat.eu

Глядзі таксама

Hавiны