Прыхільнік легалайзу і ЛГБТ vs. стары Абама. Хто будзе канкурэнтам Трампа на прэзідэнцкіх выбарах?


10 сакавіка ў ЗША – «супераўторак». У шасці штатах будуць абіраць будучага канкурэнта Доналда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах, запланаваных на 3 лістапада 2020 года.

Што такое «супераўторак»?

Гісторыя «супераўторкаў» у ЗША пачалася ў 1980-х. У гэты дзень канчаткова адсейваюцца слабыя кандыдаты, якія не маюць неабходнай падтрымкі. Напярэдадні «супераўторка» нацыянальныя камітэты амерыканскіх палітычных партыяў вызначаюць, у якіх штатах адбудуцца кокусы (сходы прыхільнікаў партыяў, на якіх за кандыдатаў «галасуюць нагамі» – на іх прыходзяць самыя актыўныя прыхільнікі партыйных кандыдатаў) і праймерыз (уласна працэдура галасавання за кандыдата – ставіцца галачка, бюлетэнь кідаецца ў урну). У некаторых штатах праходзяць толькі кокусы, а ў іншых праводзіцца «класічная» працэдура галасавання. Пасля мінулага «супераўторка», які быў 3 сакавіка, у галасаванні за кандыдата на прэзідэнта ЗША ад Дэмакратычнай партыі перамагае Джоў Байдэн.

Актуальныя вынікі праймерыз можна паглядзець тут

Дзе будуць абіраць канкурэнта Трампа?

10 сакавіка канкурэнта Дональда Трампа абіраюць у шасці штатах: Айдаха, Мічыган, Місісіпі, Місуры, Паўночная Дакота, Вашынгтон. Кандыдаты ад Дэмакратычнай партыі будуць змагацца за 352 галасы дэлегатаў (8.85 % ад 3979 прадстаўнікоў штатаў і тэрыторыяў ЗША, якія возьмуць удзел у фінальным партыйным з’ездзе ў сярэдзіне ліпеня). Патэнцыйнымі супернікамі Трампа могуць стаць Джоў Байдэн або Бэрні Сандэрс.

Джоў Байдэн (77 гадоў) – стары Абама

Прэзідэнт ЗША Барак Абама ўзнагароджвае віцэ-прэзідэнта Байдэна прэзідэнцкім медалём Свабоды (найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода ЗША для цывільных асобаў).
Фота: Yuri Gripas / Reuters / Forum

Джоў Байдэн нарадзіўся ў сям’і выхадцаў з Ірландыі і Англіі. Католік. Ягоны бацька прадаваў ужываныя аўто. У 1965 годзе Байдэн – малодшы скончыў універсітэт Дэлавэра, дзе атрымаў ступень бакалаўра паліталогіі і гісторыі. У 1968 годзе скончыў дактарантуру юрыдычнай школы Сіракузскага ўніверсітэту ў Нью-Ёрку. У 1972 годзе ва ўзросце 30 гадоў быў абраны сенатарам ад штату Дэлавэр.

У 2008 годзе ўвайшоў у каманду Барака Абамы і заняў пасаду віцэ-прэзідэнта ЗША. Мяркуецца, што ў 2014-2016 гг. Байдэн быў «куратарам» па Украіне. У 2014 годзе сын Джоў Байдэна Хантэр увайшоў у склад кіраўніцтва кампаніі «Burisma Holdings Limited», якая займаецца здабычай нафты і газу ва Украіне. Падчас тэлефоннай размовы Дональда Трампа і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага кіраўнік ЗША нібыта папрасіў украінскага калегу пасадзейнічаць расследаванню карупцыйных сувязяў сямʼі Байдэнаў. Пазней гэтая просьба стала нагодаю распачаць супраць Трампа працэдуру імпічменту.

Джоў Байдэн на вокладцы лютаўскага нумару часопісу «Time». У 1974 годзе гэты часопіс уключыў Байдэна ў спіс «200 асобаў будучыні, якія будуць рабіць гісторыю»

Працяг сацыяльнай палітыкі Абамы

Байдэн з’яўляецца праціўнікам свабоднага нашэння агнястрэльнай зброі і легалізацыі марыхуаны ва ўсіх штатах (ён мяркуе, што штаты самыя павінны вырашаць гэтае пытанне). Таксама Байдэн выступае супраць бясплатнай медыцыны і адукацыі. Палітык прапануе пашырыць дзеянне льготнай страхоўкі, якую ўвялі пры Абаме, а таксама плануе рэфінансаваць даўгі за навучанне ў каледжах, што дэ-факта зробіць бясплатнымі першыя два гады навучання. Байдэн выступае за развіццё атамнай энергетыкі і захаванне здабычы нафты (праўда, хацеў бы цалкам забараніць бурэнне на шэльфе і ўвесці дадатковыя падаткі для нафтаздабываючых кампаніяў).

Канец ізаляцыянізму Трампа

Вонкавапалітычная праграма Байдэна прадугледжвае спыненне гандлёвых войнаў з Кітаем, адмену забароны на іміграцыю з мусульманскіх краінаў, вяртанне ЗША ў ядравую здзелку з Іранам ды пралангацыю дамовы з Расеяй аб скарачэнні і абмежаванні стратэгічнай наступальнай зброі. Таксама палітых мае намер павялічыць фінансаванне няўрадавых арганізацыяў, якія дзейнічаюць у іншых краінах і займаюцца пытаннямі дэмакратыі. Сярод абяцанняў Байдэна ёсць і спыненне замежных вайсковых кампаніяў з удзелам ЗША. Тое самае абяцае Трамп (10 сакавіка ЗША пачалі вывад войскаў з Афганістану). Па вялікім рахунку Байдэн прапануе спыніць трампаўскую палітыку «ізаляцыянізму» і абяцае вярнуць свет у датрампаўскую эпоху.

Бэрні Сандэрс (78 гадоў) – сацыяліст-рамантык

Плакат з выяваю Бэрні Сандэрса побач з пляцоўкай па збору сродкаў на выбарчую кампанію Дональда Трампа ў горадзе Лонгвуд (штат Фларыда). На плакаце напісана «Сацыялізм – адстой». Фото: TOM BRENNER / Reuters / Forum

Сандэрс нарадзіўся ў сям’і бедных габрэяў у Нью-Ёрку. Бацька – габрэй-эмігрант з Польшчы, які зарабляў на жыццё продажам фарбы. Маці таксама паходзіла з габрэйскай сямʼі. Не лічыць сябе рэлігійным чалавекам. Адукацыю атрымаў у Бруклінскім каледжы і Чыкагскім універсітэце. У 1971 годзе ўступіў у партыю «Саюз свабоды», якая дэкларавала прыхільнасць да сацыялізму і выступала за негвалтоўную барацьбу супраць вайны ў Вʼетнаме. У 1988 годзе ажаніўся другі раз і разам з жонкай паехаў у мядовы месяц у СССР.

Сандэрс (у акулярах) выпівае пасля бані ў Яраслаўлі. 1988 год.
Фота: sovietvisuals

Прайграў Гілары Клінтан

1991-2007 гг. кангрэсмен ад штату Вермонт. Пазней быў сенатарам ад гэтага штату. У 2016 годзе прайграў на праймерыз Гілары Клінтан, якая мела падтрымку партыйнага істэблішменту, донараў і ўплывовых фігураў у Дэмакратычнай партыі.

У Еўропе яго назвалі б сацыял-дэмакратам

У ЗША Сандэрса называюць ворагам багацеяў. У 2019 годзе заявіў, што мільярдэраў быць не павінна. Прыхільнік барацьбы за эканамічную роўнасць. Сандэрс называе сябе «дэмакратычным сацыялістам» і прапануе арыентавацца на Швецыю і Данію, як узоры грамадскага ладу. Падтрымлівае дзяржаўныя праграмы, якія дапамагаюць малазабяспечаным слаям насельніцтва. У ягонай праграме прадугледжваецца бясплатная медыцына і адукацыя ў каледжах і некаторых універсітэтах, а таксама масавае будаўніцтва сацыяльнага жылля, бясплатныя дзіцячыя садкі і шмат падаткаў для карпарацыяў і фізічных асобаў з прыбыткам вышэйшым за $ 250 000 у год. Сандэрс абяцае легалізаваць «траўку» на федэральным узроўні і адмяніць усе судовыя выракі, звязаныя з ейным нелегальным абаротам. Таксама палітык выступае за легалізацыю аднаполых шлюбаў.

«Ты не можаш змяніць карумпаваную сістэму, беручы ў яе грошы. Мы не просім грошы ў мільярдэраў», – гаворыцца ў допісе ў афіцыйным Instagram’е Сандэрса.

Маскве падабаецца Сандэрс?

Сандэрс з’яўляецца паслядоўным прыхільнікам дыпламатыі і праціўнікам вайсковых канфліктаў. Ён выступае за «адказную вонкавую палітыку» і хоча спыніць амерыканскія «бясконцыя войны». Нягледзячы на тое, што Сандэрс крытыкуе аўтарытарызм Уладзіміра Пуціна, крытыкі называюць Сандэрса-прэзідэнта «падарункам» для Крамля.

Дарэчы, з даследавання «Foreign Policy Research Institute» (FPRI) вынікае, што расейскія медыі часцей згадвалі Бэрні Сандэрса ў пазітыўным кантэксце. FPRI прааналізаваў 3897 матэрыялаў агенцтваў «Sputnik» і RT, апублікаваных з 1 студзеня 2019 года да 2 сакавіка 2020 года. За гэты час патэнцыйныя кандыдаты на пасаду прэзідэнта ЗША ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыяў згадваліся 5082 разоў. Дональда Трампа згадалі 3160 разоў. Імя былога віцэ-прэзідэнта ЗША Джоў Байдэна – 812 разоў, а імя ягонага апанента Сандэрса – 455 разоў. Прычым у 21 % публікацыяў Сандэрса ацэньвалі пазітыўна, а Байдэна пазітыўна ацанілі толькі ў 3 % артыкулаў.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў