«Прыдумаем новы шлях выражаць сваю пазіцыю». Менчукі – пра спіс двароў, якія ўлады хочуць «нармалізаваць»


Мікрараён Новая Баравая, Менск, 28 жніўня. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Менскія ўлады вызначылі 43 двары, «схільныя да ўплыву дэструкцыйна настроеных грамадзянаў». У пералічаных раёнах сталіцы ўзмоцняць працу камунальных службаў супольна з працаўнікамі РАУСаў і РАНСаў (раённых аддзелаў надзвычайных сітуацыяў), хоць канкрэтнага плану пакуль няма.

Людзі, якія жывуць у пералічаных дварах, распавялі «Белсату», як яны пачуваюцца пад пільным кантролем.

Сяргей, жыхар комплексу «Каскад»

Зусім не прыемна, што такімі метадамі будуць весці барацьбу з актыўнасцю людзей. У прынцыпе, я не лічу гэта нейкаю перашкодаю, бо людзі будуць збірацца. Бо ў нас усе вельмі гасцінныя, сустракаюцца, размаўляюць. У нас было шмат розных сямейных імпрэзаў і канцэртаў. Ну, нельга ж забараніць людзям сустракацца.

У нас жа там і плошча сцягоў. Недзе відаць сцягі на вокнах, але ў дварах усё папрыбіралі. Бо побач з «Каскадам» і РУУС, і аддзяленне ДАІ, то ім, вядома, мазолілі вочы нашыя сцягі.

Калі прыходзяць незапрошаныя госці, жыхары іх здымаюць на відэа, потым апазнаюць і робяць гэтых асобаў вельмі вядомымі. То не думаю, што ўключэнне двара ў спіс нешта памяняе. Для канцэртаў на вуліцы ўжо халодна, а ў «Каскадзе» ёсць свае залі.

Юлія, жыве ў комплексе «Менск – Мір»

Я не здзіўленая, што «Менск – Мір» улучылі ў гэты спіс. У нас шмат людзей збіралася, і былі гэтыя вядомыя гісторыі і пра кроціка, і пра сцяг са стужак, канцэрты ладзілі. То бок тут актыўныя людзі жывуць.

А цяпер будзе нешта іншае, бо гэтымі патрулямі ж нічога не памяняеш. У мяне ўдома поўна самі ведаеце якой тканіны. Прыдумаем новы чын, новы шлях, каб выказваць сваю пазіцыю і сваё меркаванне. Праўда, не ведаю пакуль, як гэта будзе.

Ганна, жыхарка вул. Маякоўскага

Мяне здзівіла, што і наш двор ёсць у тым спісе. Таму што ў нас была літаральна пара канцэртаў і некалькі разоў бачыла стужкі на дрэвах, але на гэтым усё. Мы ціха жывем – гэта зусім не «Каскад» і не «Новая Баравая».

Ілля, мікрараён Грушаўка

Мяне здзівіла, што нашага раёну няма ў спісе. Не тое, каб мы дужа сумавалі з гэтай нагоды, але гэта нечакана. Але і без гэтых спісаў сюды часам прыязджаюць і міліцыя, і АМАП, і ціхары ходзяць. Таму не бачу розніцы, ёсць двор у спісе ці не.

Алеся, жыве ў «Новай Баравой»

У нас па дварах і па плошчы цяпер ходзяць вельмі шмат ціхушнікаў. Нядаўна затрымалі мужчыну, які смецце пайшоў выносіць. І з ім яшчэ дваіх. Сказалі, нібы бачылі яго на камерах са сцягам, але ж чалавек позна ўвечары з пакетам выйшаў, і яго забралі.

Нашага раёну ў спісе няма, мяркую, таму, што мы – частка Бараўлянскага раёну, але ўвагі да нас вельмі шмат. Таму калі выходзім шпацыраваць, то толькі разам. Бо страшна нават пайсці з дзіцём на вуліцу, што цябе схопяць, напужаюць малое. У іх жа нічога святога няма. Не хвалюе, ці на вачах дзяцей яны людзей хапаюць, ці ў каго там удома сын ці дачка засталіся. А дзеці ж усё разумеюць.

Цяпер ходзяць нейкія людзі, раскідваюць у паштовыя скрыні паперкі за сцягі на вокнах. У нас такое было да выбараў яшчэ, таму тут нічога новага.

Каментар юрыста

Юрыст у сферы ЖКГ і рэдактар сайту STATUT.BY Аляксандр Горбач сітуацыю бачыць даволі незразумелаю: «Цяжка сказаць, якім чынам будуць ажыццяўляць гэты кантроль прадстаўнікі ЖКГ ды іншыя ўстановы. А аб прававым боку тут вельмі цяжка нешта сказаць».

Што адбылося

Менгарвыканкам перакананы, што некаторыя грамадзяне дэманструюць непавагу да закону і дзяржаўных сімвалаў, спрабуюць перашкаджаць нармальнай працы ўстановаў адукацыі, арганізацыяў і прадпрыемстваў і размяшчаць у грамадскіх месцах сімволіку нявызначанага арнаменту.

Дапамагаць аглядацца ў дварах сталіцы міліцыянтам і ЖКГ будуць добраахвотныя народныя дружыны. Таксама да жыхароў могуць прыехаць з адміністрацыяў раёнаў і дэпутацкага корпусу. А яшчэ будуць маніторыць інтэрнэт-прастору, вывучаць сітуацыю ў працоўных калектывах, вучыць дзяцей культуры паводзінаў у сацыяльных сетках.

На меркаванне чыноўнікаў, гэтыя захады дазволяць стабілізаваць грамадскі парадак і спакой грамадзянаў на тэрыторыі Менску.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў