Прыбіральня за мільён долараў?! Дайце дзве! У Гомлі пабудуюць другую падземную прыбіральню на набярэжнай Сажа


Пляцоўку пад другую падземную прыбіральню на ўзбярэжжы Сажа ў Гомлі абнеслі будаўнічым плотам. За гэтым плотам, што размясціўся каля Кіеўскага спуску, ужо месціцца старожка ды біяпрыбіральня для будаўнікоў, але няма пашпарта аб’екту. Паводле інфармацыі мясцовых медыяў, цяпер на месцы будучага клазета праводзяць падрыхтоўчыя працы ды пробы глебы.

Якая будзе прыбіральня – яшчэ невядома, але тое, што яна будзе, пацвярджае тэндарная дакументацыя, размешчаная на сайце icetrade.by. Будаваць будзе ўсё той жа ДСК на замову УКС Гомля.

Фота пратаколу паседжання конкурснай камісіі

Колькі будзе каштаваць новая прыбіральня – таксама невядома. Варта адзначыць, што паводле тэндарнай дакументацыі кошт першай мусіў скласці 749 355,74 бел. руб., але, паводле апошніх выказванняў ДСК, склаў 750 тыс. долараў.

Тая самая «залатая» прыбіральня, якую ў аўральным рэжыме будавалі да прыезду кіраўнікоў Беларусі і Украіны пры канцы кастрычніка, закрылася адразу пасля адкрыцця. Паводле мясцовых медыяў, наноў прыбіральня адкрые дзверы для наведнікаў толькі ўвесну.

Такія затрыманні ў працы нібыта звязаныя з бюракратычнымі асаблівасцямі перадачы прыбіральні на баланс палацава-паркавага ансамблю і выпраўленнем недапрацовак. Пакуль што са сметніцаў каля «маўзалею» нават не вывозяць смецця: каля будынку валяюцца недапалкі, поліэтыленавыя пакеты ды бутэлькі.

ГВ, belsat.eu

Стужка навінаў