Пры чым тут палітыка?

#Культпратэст – з’ява для Беларусі ў цэлым не новая, са сваімі шматлікімі аптымістычнымі аспектамі, але не без лыжкі песімізму. І раней прадстаўнікі творчай супольнасці спрабавалі аб’яднацца вакол нейкіх бедаў, але ўсе гэтыя аб’яднанні мелі цалкам лакальны характар: яны не выходзілі за межы канкрэтнай дробнай праблемы ці абмежаванай тусоўкі. Ці атрымаецца сёння выйсці за гэтыя рамкі ды супярэчнасці? І да ўсяго: ці ўдасца перамагчы страх?

Хтосьці назаве #Культпратэст з’явай палітычнага характару. Але давайце спачатку разбярэмся з гэтай палітыкай. Калі, напрыклад, нейкі музыка становіцца сябрам партыі, грае на партыйных карпаратывах, за кагосьці заклікае галасаваць, – гэта палітыка. Прыкладаў тут шмат і ў Беларусі, і па-за яе межамі. Не валодаю інфармацыяй, колькі сённяшніх праўладных аматараў музы Эўтэрпы ёсць сябрамі партыі «Белая Русь», але падазраю, што іх дастаткова багата. Ці вось прыклад з Украіны: Святаслаў Вакарчук – добры спявак, чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і вельмі няўдалы палітык.

Але ёсць нюанс. Як няма знаку «роўна» паміж краінай і дзяржавай, гэтак і няма нічога агульнага паміж грамадзянскай пазіцыяй і палітыкай. Кожны грамадзянін мае права выказваць сваё стаўленне да палітычных працэсаў, як і да іншых аспектаў жыцця грамадства. Чыноўнікі – не багі на Алімпе. А мець сваю грамадзянскую пазіцыю могуць не толькі блогер ці інжынер, але і мастак ды музыка.

Вось чаму #Культпратэст – з’ява цалкам сацыяльная, а не палітычная. Гэта спроба неяк аб’яднацца ўсім творчым людзям і гучна ўголас сказаць: мы ёсць, мы – разам, мы – супраць гвалту і несправядлівасці. Адкінулі ўсе творчыя рознагалоссі ды тусовачныя крыўды. Бо вельмі важна, калі гэты голас будзе сапраўды масавы. Справа не ў гэтых выбарах. На гэтых выбарах, на маю думку, нічога не вырашыцца, на жаль. Справа ў будучыні.

Пакуль што #Культпратэст масавым не назавеш. Неяк не хапае голасу некаторых з тых, хто раней стаяў на творчых барыкадах. Жыццё працягваецца, і мінулыя «медалі» на грудзях не павінны перашкаджаць падтрымаць сваіх калегаў цяпер. Наадварот, страшэнна радасна бачыць, як выказваюцца творчыя людзі, ад якіх не чакалі. І справа не толькі ў знаёмых тварах, якія раней проста не краналі палітычныя пытанні. Спынілі маўчанне некаторыя з тых, хто шчыльна звязаны з дзяржаўнымі тэатрамі, медыямі, канцэртнымі пляцоўкамі. Большасць ужо пацярпелі за сваю праяўленую пазіцыю. І я гатовы прабачацца за свой ранейшы рэзкі скептыцызм. Я прызнаю сваю памылку. Кожны голас важны. Нават самы ціхі!

Усе творчыя людзі існуюць у розных умовах. Хтосьці працуе на дзяржаўнай працы, а хтосьці – цалкам ад дзяржавы не залежны. З іншага боку, кагосьці могуць проста звольніць, а кагосьці кінуць за краты. Таму, усе гэтыя адрозненні – справа другасная. Мы ўвесь час нечым рызыкуем. І нават калі ведаць пра ўсе граблі, то саломы ўсё роўна не хопіць.

Сёння самае ціхае «Супраць!» будзе гучнейшае за самае гучнае «Мне пофіг!». Бо кожнае маўчанне – не азначае «За!». Як казаў Эдмунд Бэрк: «Адзінае, што трэба для трыумфу зла, гэта каб добрыя людзі нічога не рабілі».

Hавiны
Выратавальнікі патрабуюць праз суд спынення дзейнасці symbal.by
2020.07.06 22:58

Алесь Дзянісаў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў