«Пры чым тут фашыст?» У Ваўкавыску судзяць сужэнства за гвалт над міліцыянтам


19 лістапада ў Ваўкавыску пачаўся суд над Алегам і Настассяю Фамінымі. У жніўні паміж імі і суседам-міліцыянтам адбылася бойка. Цяпер сужэнства вінавацяць паводле крымінальнага артыкулу, ім пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Перадгісторыя

Алег і Настасся Фаміны жывуць у прыватным сектары ў Ваўкавыску. У доме насупраць жывуць бацькі мясцовага міліцыянта Вячаслава Іванова. Ён і сам там жыў працяглы час, таму Алег Фамін быў добра з ім знаёмы. Мясцовыя кажуць, што паміж Івановым і Фаміным былі нармальныя суседскія стасункі, яны заўсёды віталіся пры сустрэчы. Але ўсё змянілася пасля выбараў.

Што адбылося

15 жніўня Алег і Настасся Фаміны вярнуліся дахаты пасля дазволенай акцыі пратэсту. Якраз у гэты дзень у суседа насупраць, бацькі Вячаслава Іванова, адзначалі юбілей, на свята сабраліся сваякі і сябры. Алег Фамін пабачыў праз вакно, што з дому выходзіць Вячаслаў, і пастанавіў выйсці сказаць, што пра яго думае. Хутка паміж суседзямі завязалася бойка.

Алег Фамін у залі суда.
Фота: «Белсат»

Алегу Фаміну 46 гадоў, ён прадпрымальнік, трэнер па футболе. Настассі Фаміной 37 гадоў, кабета доўгі час працавала мікрабіёлагам на дзяржаўным прадпрыемстве, але ў траўні звольнілася і занялася сваёй уласнаю справаю – стрыжкай жывёлінаў. У сужэнства – 10-гадовая дачка.

33-гадовы Вячаслаў Іваноў працуе ў Ваўкавыскім РАУС старэйшым інспектарам прафілактыкі. Жанаты, мае сына.

Версія абвінавачання: міліцыянта пабілі штыкецінаю з плота за ягоную працу

На суд 19 лістапада ў Ваўкавыску сабралася поўная зала: прыйшлі сваякі фігурантаў справы і звычайныя гараджане. Вядзе працэс суддзя Мікалай Талашка.

Паводле матэрыялаў справы, Алег і Настасся Фаміны пабілі Вячаслава Іванова, каб «перашкодзіць законнай дзейнасці працаўніка ўнутраных органаў» ды адпомсціць яму за працу: за тое, што той падчас і пасля выбараў «забяспечваў грамадскі парадак, выяўляў і затрымліваў грамадзянаў, якія прымаюць удзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту».

Настасся Фаміна.
Фота: «Белсат»

Паводле версіі дзяржаўнага абвінавачання, Алег Фамін штурхнуў міліцыянта Іванова і біў яго па галаве ды целе, а таксама выкарыстаў супраць яго здушвальны прыём. Настасся Фаміна, каб дапамагчы мужу, вырвала з плота штыкеціну і біла ёю Вячаслава Іванова. У выніку міліцыянт атрымаў закрытую ЧМТ, страсенне мозгу, у яго парванае вуха, сінякі.

Фаміны сваёй віны не прызналі.

Міліцыянт Вячаслаў Іваноў: «9 жніўня я быў у групе інфармавання, пры чым тут фашыст?»

Вячаслаў Іваноў распавёў, што ў той дзень заехаў павіншаваць бацьку з юбілеем. У добрым настроі пасля святочнага стала выйшаў з хаты разам з жонкаю, каб пайсці на працу. У гэты момант да іх падышоў Алег Фамін, назваў Іванова фашыстам, сказаў, што бацькі Іванова нарадзілі фашыста і «такіх яны будуць забіваць». Міліцыянт адказаў, што калі Фамін працягне пагражаць яму і ягоным бацькам, то ім зоймуцца адпаведныя органы.

Адвакатка размаўляе з Алегам Фаміным перад пачаткам суда.
Фота: «Белсат»

«Мы з Алегам раней былі ў нармальных стасунках, віталіся адзін з адным. Я не разумею, што здарылася пасля выбараў. 9 жніўня я быў у групе інфармавання, пры чым тут фашыст? Я нікога не затрымліваў», – распавёў на судзе Іваноў.

Паводле міліцыянта, бойку пачаў Фамін. Іваноў пачуў, як Фамін крыкнуў сваёй жонцы таксама біць яго, пасля чаго адчуў удары па спіне нейкім прадметам. Але што гэта быў за прадмет, дакладна не бачыў. Ён запатрабаваў ад Фаміных 2 тысячы рублёў кампенсацыі за маральную шкоду.

«За пагрозы мне і маёй сям’і, за нашыя маральныя пакуты. Мой сын дасюль просіць, каб я не выходзіў адзін на вуліцу», – патлумачыў сваё патрабаванне міліцыянт.

«Я бачыў, як міліцыянты збівалі дзяўчат на плошчы падчас пратэставых акцыяў»

Алег Фамін падчас суда распавёў сваю версію таго, што адбылося 15 жніўня.

«Пасля дазволенай акцыі пратэсту мы з жонкаю вярнуліся дахаты. Праз вакно я ўбачыў на вуліцы Вячаслава і ягоных бацькоў. Я іх на акцыі не бачыў, таму вырашыў увесці іх у курс справы, прыцягнуць іхную ўвагу да таго, што акцыя дазволеная, можна папрысутнічаць», – распавёў Алег.

Мужчына выйшаў падышоў да дому Івановых, некалькі разоў крыкнуў «Жыве Беларусь!». У адказ ад маці Вячаслава пачуў «падонак».

«Пасля гэтага я развярнуўся і пайшоў дахаты. Але Вячаслаў затрымаў мяне за плячо, развярнуў да сябе і ўдарыў кулаком у нос. Пайшла кроў, пацямнела ў вачах. Ад удару мяне адкінула на праезную частку практычна пад колы аўтамабіля», – згадвае Алег Фамін.

Каля суду ў Ваўкавыску. Фаміна – у цэнтры.
Фота: «Белсат»

Усчалася бойка. Паводле Алега Фаміна, міліцыянт моцна схапіў яго за шыю і пачаў душыць. Хутка да бойкі далучыліся яшчэ некалькі асобаў, разам пачалі біць Фаміна. Алег схапіўся за плот, каб прыкрыць спіну, але ў нейкі момант той зламаўся.

Алег Фамін прызнаў, што напярэдадні, 14 жніўня, падыходзіў да маці Вячаслава Іванова і казаў, што ейны сын – фашыст.

«Я сказаў так, бо бачыў, як міліцыянты збівалі дзяўчат на плошчы падчас пратэставых акцыяў. Таццяне Івановай я запрапанаваў сваю дапамогу і абарону, калі раптам узнікне канфліктная сітуацыя ды ён пачне яе крыўдзіць. У адказ пачуў, што я падонак», – зазначае Фамін.

Гісторыі
«Зразумеў, што жыцця не будзе, забраў сям’ю і з’ехаў у Нямеччыну». Уладальнік БЧБ-кебабнай пакінуў Ваўкавыск
2020.11.22 11:14

Настасся Фаміна гутаркі паміж суседзямі не чула, бо выйшла крыху пазней і заспела ўжо саму бойку.

«Мой муж вельмі эмацыйна перажывае ўсё, што адбываецца ў краіне. Алег востры на язык, можа кідацца крыўднымі слоўцамі, але каб ісці спецыяльна біцца – гэта не пра яго. Мы 10 гадоў жанатыя, я ні разу не бачыла, каб ён з кімсьці біўся», – распавяла кабета.

Паводле Настассі, спачатку яна не ўмешвалася, стаяла на супрацьлеглым баку дарогі і нават раіла жонцы Іванова таксама не лезці: маўляў, мужыкі самі разбяруцца, а яна можа выпадкова атрымаць. Пакуль не ўбачыла, як міліцыянт схапіў Алега Фаміна за шыю здушвальным прыёмам.

«Я хутка падышла да іх, муж пачаў хрыпець, па ягоным твары цякла кроў і капала на асфальт. Я некалькі разоў далонню ўдарыла Іванова па спіне. Схапіла яго за вуха, але той вырваўся. Я ўмяшалася толькі для таго, каб іх разняць. Ніякіх платоў я не ламала і штыкецінаю нікога не біла», – пераконвала Фаміна.

Настасся Фаміна.
Фота: «Белсат»

У гэты момант са двара выбег натоўп – сваякі Іванова, якіх паклікала на дапамогу жонка міліцыянта. Настассю выціснулі на праезную частку, некалькі чалавек пачалі біць Алега – рукамі і нагамі.

Усё трывала каля 10 хвілінаў. Затым прыехала міліцыя, ДАІ: перакрылі дарогу, Фаміных затрымалі.

Паводле Алега, у РАУС ён доўгі час стаяў на каленях, з носа лілася кроў, але яму не надавалі ніякай медычнай дапамогі.

Мужчына прасядзеў у РАУС тры дні. Затым Алега Фаміна адвезлі ў шпіталь са множнаю гематомай. Яму зрабілі аперацыю, у шпіталі мужчына правёў 6 дзён. Увесь гэты час ён быў пад вартаю чацвярых канваіраў, у кайданках.

«Якая мае быць рэакцыя жанчыны, калі яна бачыць, што ейнага мужа душаць?»

Цяпер Алега Фаміна ўтрымліваюць у СІЗА Горадні. Яму і жонцы пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу.

«Ад гэтага, вядома, страшна, пагатоў калі разумееш, што не парушала закону, калі ў цябе на руках дзіця, – адзначыла ў размове з «Белсатам» Настасся Фаміна. – Я стараюся знаходзіць у сабе сілы, каб не перадаваць гэтага страху дачцэ, не палохаць яе. У адзін дзень жыццё перакулілася з ног на галаву. Але тут гаворка не пра нейкую помсту міліцыянтам: я да іх раней ставілася цалкам нейтральна. Якая мае быць рэакцыя жанчыны, калі яна бачыць, што ейнага мужа душаць, хто б гэта ні рабіў?»

Гісторыі
«Падзякуйце, што сына вярнулі цэлым і жывым». Сям’ю затрыманага падлетка прызналі сацыяльна небяспечнаю
2020.11.21 08:58

Сям’я займае актыўную пазіцыю, Фаміны раней хадзілі на дазволеныя акцыі, мітынгі Святланы Ціханоўскай. 11 жніўня Алега затрымалі на акцыі пратэсту на галоўнай плошчы Ваўкавыску, мужчына атрымаў двое содняў.

Паводле Настассі, той уздым, які адбываецца цяпер у краіне, дае сілы глядзець у будучыню з нейкаю надзеяй.

«Я спадзяюся на змены, калі ўсё стане на свае месцы, і вельмі чакаю пераменаў. Яны жыццёва неабходныя ўсёй краіне, і цяпер – канкрэтна мне», – кажа жанчына.

Слуханні ў справе працягнуцца на гэтым тыдні.

Саша Праўдзіна, фота аўтаркі belsat.eu

Стужка навінаў