«Простым людзям глядзець выступ не варта». Пра што будзе казаць Лукашэнка ў пятніцу?


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 сакавіка правядзе «Вялікую размову» з удзелам больш як 200 прадстаўнікоў СМІ, палітолагаў, эканамістаў, работнікаў рэальнага сектара эканомікі, грамадскіх арганізацыі і канфесій. Як мяркуюць апытаныя Belsat.eu эксперты галоўнай тэмай сёлетняга мерапрыемства маюць стаць адносіны паміж Беларуссю і Расеяй.

Метадолаг Уладзімір Мацкевіч: на першым месцы будуць інтэграцыяналісцкія гульні з Расеяй і небяспека аншлюсу ці ўтварэння на базе Саюзнай дзяржавы нейкай федэрацыі, якая дазволіць змяніць беларускую і расейскую канстытуцыі ды змяніць тэрмін Пуціна.

Але, падсумаваў Уладзімір Мацкевіч, простым людзям, не экспертам, глядзець выступ Аляксандра Лукашэнкі не варта, бо ён «ніколі нічога не гаворыць наўпрост».

ВІДЭА
Лукашэнка: Расея абяцала кампенсаваць страты ад падатковага манеўра. І потым раптам усё спынілася
2018.12.24 14:24

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі: падчас пятнічнага мерапрыемства ў межах «экспромту» кіраўніка дзяржавы могуць узнікнуць намёкі і на магчымы рэферэндум, датычны адносінаў з Расеяй.

Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў, палітолаг Кацярына Шмаціна: Лукашэнка на фоне напружання ў адносінах з Расеяй працягне падкрэсліваць «святасць» суверэнітэту дзяржавы. Магчыма, мы пачуем інсайты наконт працы беларуска-расейскай камісіі, якая зараз пераглядае дамовы па Саюзнай дзяржаве. Таксама варта чакаць заяваў пра агульны стан адносінаў з Расеяй па выніках нядаўніх сустрэчаў у Сочы.

ВІДЭА
Венедыктаў: Пасля аб’яднання Беларусі і Расеі Лукашэнка стане пенсіянерам… у Крыме
2018.12.30 10:33

Дырэктар Інстытуту развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы Зміцер Кухлей: правядзенне пятнічнай размовы азначае больш актыўны пераход уладаў да падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў, падчас якіх галоўнымі будуць пытанні бяспекі і суверэнітэту, бо асаблівага росту даходаў насельніцтва нябачна.

Падобная сустрэча адбылася ў лютым 2017 года і цягнулася 7 гадзінаў і 20 хвілінаў – гэта рэкорд працягласці падобных мерапрыемстваў. У сваім маналогу Лукашэнка тады паразважаў пра «абвастрэнне» дачыненняў з Расеяй, смяротнае пакаранне, беларускую мову, зніклых палітыкаў і нашумелы «дармаедскі» дэкрэт.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў