Пробкі ў Берасці пераможа «разумны святлафор»


Неўзабаве Берасце можа стаць першым беларускім горадам, які прынцыпова зменіць сістэму транспартнага руху на сваіх вуліцах ды можа стаць першым горадам без пробак і затораў.

Новая інтэлектуальная сістэма арганізацыі руху паўстане над Бугам ужо сёлета за грошы Еўрапейскага Звязу ў межах праграмы «Польшча–Беларусь–Украіна – 2014–2020». Грант на праект выдзелілі таксама польскаму гораду Бяла-Падляска. Берасце атрымае крыху болей за палову сумы.

Мова вядзецца пра інтэлектуальную сістэму кіравання дарожным рухам. Праграма будзе «бачыць» коркі і змагацца з імі з дапамогай «разумных святлафораў».

Камп’ютарная сістэма будзе размяркоўваць транспартныя плыні, якія засяроджваюцца на скрыжаваннях, ды кіраваць святлафорамі так, каб максімальна разгрузіць той або іншы ўчастак трасы.

Галоўная ідэя ініцыятывы – стварыць прыярытэт грамадскаму транспарту

«Вечерний Брест» піша, што праграма павінная распазнаваць аўтобусы, тралейбусы, маршруткі «у твар», і рабіць так, яны ездзілі паводле раскладу. Пры гэтым для грамадскага транспарту не будуць вылучаць асобную паласу, як планавалася раней.

Спачатку сістэма запрацуе на адной з вуліцаў у цэнтры Берасця, пасля чаго яе распаўсюдзяць на ўвесь горад.

Гарадскія ўлады сцвярджаюць, што ільвіная доля выдаткаў пойдзе на адмысловую святлафорную праграму, датчыкі ды іншае абсталяванне. Пакуль не зразумела, ці для праекту трэба будзе мяняць дарожнае пакрыццё і разметку.

ДД

Стужка навінаў