Прэзідэнты Польшчы і Літвы адрэагавалі на брутальныя затрыманні ў Беларусі

Анджэй Дуда накіраваў ліст да ААН, а Гітанас Науседа пагражае санкцыямі.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заклікае беларускія ўлады спыніць гвалт і вызваліць палітзняволеных, перадае польскі тэлеканал TVP. Ён просіць Камітэт правоў чалавека ААН звярнуцца да беларускіх уладаў з патрабаваннем спыніць гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў і вызваліць палітзняволеных.

Анджэй Дуда. Фота: Grzegorz Jakubowski / KPRP. Крыніца: president.pl

Гэта першы дакумент у абарону Беларусі, падрыхтаваны на вышэйшым узроўні, падкрэсліў прадстаўнік Дуды Кшыштаф Шчэрскі.

«Прэзідэнт напісаў сёння да ўсіх 47 дзяржаў, якія ўваходзяць у Камітэт правоў чалавека ААН, адмысловы ліст, зварот, каб яны не заставаліся абыякавымі да сітуацыі ў Беларусі, каб выказваліся ў сваіх краінах, на сваіх кантынентах. У цэлым свеце справа Беларусі мусіць зрабіцца тою справай, якая будзе непакоіць нас, як міжнародную супольнасць», — кажа Шчэрскі.

Таксама ў лісце Дуда падкрэслівае, што ААН не можа заставацца абыякавым да падзеяў у Беларусі і заклікае іх да прыняцця рашэнняў.

«Польшча верыць, што палітычная розніца можа і павінная быць вырашаная праз канструктыўны дыялог і адкрытыя дэбаты, у якіх свабода, як базавае палітычнае права, ніколі не будзе парушацца».

Уручча, 11 жніўня. Фота: Belsat.eu

Прэзідэнт Польшчы падкрэсліў, што міжнародная рэакцыя можа адыграць важную ролю ў дэмакратычных зменах у Беларусі. Таксама стала вядома, што прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі заклікае ЕЗ яшчэ раз сабраць саміт у справах Беларусі.

Літва – магчымыя санкцыі

Прэзідэнт Літвы Гітанас Науседа прапанаваў тры пункты, якія мусяць быць выкананыя дзеля ўрэгулявання сітуацыі ў Беларусі.

Гітанас Наўседа. Фота: прэс-служба прэзідэнта Літвы
  • спыненне гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў;
  • вызваленне затрыманых;
  • аднаўленне дыялогу з грамадзянскай супольнасцю.

«Мяркую, мы так павінныя дзейнічаць – пачаць з пошуку варыянту мірнага развязання і імкнуцца вырашыць праблему найменш балючым спосабам. Але калі гэтая ініцыятыва не будзе прынятая, вядома ж, можа быць так, што застануцца іншыя альтэрнатывы, пра якія зараз гавораць і ў Літве, і ў ЕЗ. Я кажу ў тым ліку і пра санкцыі: як на ўзроўні ЕЗ, так і аб нацыянальных», – падкрэсліў Науседа.

Ён зазначыў, што прапаноўвае перадусім мірнае вырашэнне сітуацыі.

  • 9 жніўня ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Паводле афіцыйных звестак, перамог Аляксандр Лукашэнка з вынікам 80 %.
  • Афіцыйныя вынікі выклікалі моцную хвалю пратэстаў па ўсёй краіне, якія працягваюцца ўжо чацвёрты дзень. На загад улады сілавікі актыўна ўжываюць сілу: яны расстрэльваюць натоўпы гумовымі кулямі, ужываюць газ і светашумавыя гранаты, спецтэхніку. Праз гэта сотні людзей атрымалі раненні, тысячы былі затрыманыя.
  • Святлана Ціханоўскую, асноўную суперніца Лукашэнкі на выбарах і меркаваную пераможцу дзейная ўлада вымусіла зʼехаць у Літву.

КТ belsat.eu

Hавiны