Украіна выбірае прэзідэнта. Хроніка


Вынікі галасавання і першыя каментары экспертаў пра фіналістаў першага туру прэзідэнцкіх выбараў глядзіце 31 сакавіка ў эфіры «Белсата» а 19:30.

21:30

«За 15 хвілін да закрыцця выбарчых участкаў Уладзімір Зяленскі гуляў у пінг-понг з журналістам», – паведаміў у «Фэйсбуку» польскі рэпарцёр Пётр Андрусечка.

21:00

Паводле ЦВК Украіны, яўка па стане на 20:00 склала 66,8% выбарцаў.

20:40

Пётр Парашэнка на сваёй прэс-канферэнцыі падзякаваў украінцам за ўдзел у галасаванні і заявіў, што Украіна «бліскуча здала экзамен на сваю еўрапейскасць» і няма ніякай інфармацыі, якая паставіла б пад сумнеў вынікі гэтых выбараў».

Аднак, дадаў дзейны прэзідэнт, «зрабіўшы памылку ў другім туры выбараў, можна разбурыць усё, што мы зрабілі за апошнія пяць гадоў».

«Мы будзем цвёрда весці перамовы з Расеяй, і Расею будзе прадстаўляць не Максім Галкін і Яўген Петрасян, а Пуцін, – заявіў Парашэнка. – Лёс звёў мяне ў другім туры з марыянеткай Каламойскага. Не дамо Каламойскаму ніводнага шанцу!».

31 сакавіка 2019 года. Пётр Парашэнка выступае на прэс-канферэнцыі пасля закрыцця участкаў падчас прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне.Фота – Аляксандр Папко/«Белсат»

20:01

Паводле дадзеных нацыянальнага экзітполу, за Уладзіміра Зяленскага прагаласавалі 30,4% выбарцаў. Гэта амаль столькі ж, колькі за Пятра Парашэнку і Юлію Цімашэнку разам – 17,8% і 14,2%.

19:45

Паліцыя Украіны паведамляе, што па стане на 19:00 адкрыла 25 крымінальных справаў па факце парушэння выбарчага заканадаўства.

Толькі за сёння паліцыя атрымала 1768 заяваў і паведамленняў, звязаных з выбарчым працэсам, з іх амаль 250 – у Кіеве.

Акрамя гэтага, паліцыянты склалі 15 адміністрацыйных пратаколаў. Пяць з іх – за распіванне алкагольных напояў у грамадскім месцы.

19:20

Каля будынку ЦВК Украіны сабралася некалькі дзясяткаў чалавек у чорнай вопратцы.

31 сакавіка 2019 года. Людзі ў чорным каля будынку ўкраінскага ЦВК. Фота – www.chesno.org

19:03

У 20:00 ЦВК Украіны абвесціць вынікі нацыянальнага экзітполу. Нашыя карэспандэнты вырашылі правесці свой экзітпол на адным з выбарчых участкаў Кіева – і вось што атрымалася:

18:20

ЦВК Украіны абнавіла дадзеныя па галасаванні: па стане на 15:00 галасы аддалі 45,11% выбарцаў.

18:15

На выбарчым участку ў Дняпроўскім раёне Кіева разгарэўся скандал праз асадкі з чарніламі, якія «знікаюць». Выбарцы скардзяцца, што знікаюць подпісы на бюлетэнях.

17:30

Амбасада Украіны ў ЗША апублікавала фота першых двух прагаласаваўшых у Вашынгтоне – Віктара і Паліны, якім нядаўна споўнілася 18 гадоў.

31 сакавіка 2019 года. 18-гадовыя Віктар і Паліна, якія прыйшлі на ўчастак галасавання ў Вашынгтоне першымі, каб прагаласаваць на прэзідэнцкіх выбарах. Фота з афіцыйнага «Twitter» амбасады Украіны ў ЗША

17:00

Старшыня праўлення кіеўскага Цэнтру прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімір Фясенка паведаміў у «Фэйсбуку» пра ўцечку інфармацыі аб выніках дзённых экзітполаў. Згодна з імі, з вялікім адрывам лідаруе «малады вясёлы кандыдат». Другое месца – ці тое ў «упартай дзяўчыны, якая абяцае перамены», ці тое ў «салодкага караля».

16:00

Паводле ЦВК Украіны, на 15:00 яўка выбарцаў склала 45,01%. Жадаючыя аддаць свой голас украінцы могуць прагаласаваць з 8:00 да 20:00.

14:30

Паводле дадзеных на 14:30, каля Цэнтрвыбаркаму ў Кіеве збіраюцца маладыя людзі спартовага целаскладу «для аховы парадку», перадае Украінская Праўда са спасылкай на Укрінфарм.

14:00

Па стане на 14:00 паліцэйскія зарэгістравалі 522 заявы і паведамленні пра парушэнні, звязаныя з выбарчым працэсам.

Галоўныя парушэнні – незаконная агітацыя, фатаграфаванне бюлетэняў, пашкоджанні бюлетэняў, подкуп выбарцаў, спроба вынесці бюлетэнь за межы ўчастку ды іншае, паведаміў прадстаўнік Нацпаліцыі Яраслаў Тракала.

Праваахоўнікі дадуць прававую ацэнку дзеянням кандыдата ў прэзідэнты Алега Ляшко, які падчас галасавання прадэманстраваў журналістам уласны запоўнены бюлетэнь, заявілі ў МУС. Паводле закону (арт. 7 закона Украіны пра выбары – парушэнне таямніцы галасавання) яму можа пагражаць да трох гадоў пазбаўлення волі.

Пагроза падрыву

У Чарнігаве а 10:50 невядомы заявіў, што падарве штабы аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты ў выпадку «не спынення подкупу выбарцаў», паведамілі ў МУС Украіны. Нацпаліцыя і МНС праводзяць праверкі па ўказаных адрасах.

Тройка лідараў прагаласавала

Свой голас на выбарах ужо аддалі галоўныя кандыдаты – Пётр Парашэнка, Юлія Цімашэнка і Уладзімір Зяленскі. Гэта надзвычай важны дзень у гісторыі Украіны, заявіў цяперашні кіраўнік Украіны, апусціўшы ў скрыню бюлетэнь.

Пётр Парашэнка прагаласаваў на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне. Цяперашні прэзідэнт прыехаў у Дом Афіцэраў у Кіеве разам з сям’ёй. Фота – Алесь Папко, belsat.eu

Кіраўніца партыі «Батькивщина» і кандыдат Юлія Цімашэнка прагаласавала на выбарах прэзідэнта. Яна аддала свой голас на выбарчым участку ў Кіеве, у ліцэі «Падол» №100.

Юлія Цімашэнка прагаласавала на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне, 2019/03/31, Кіеў. Фота – Антон Перапяліца, belsat.eu

Камедыйны акцёр і кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Зяленскі таксама прагаласаваў на выбарах прэзідэнта. У размове з журналістамі ён сказаў, што прагаласаваў за «вельмі годнага, годнага чалавека».

Уладзімір Зяленскі прагаласаваў на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне, 2019/03/31, Кіеў. Фота – Ганна Лысун, belsat.eu

Украінцы за мяжой галасуюць

У амбасаду Украіны ў Варшаве з самой раніцы стаіць чарга тых, хто жадае прагаласаваць (глядзіце відэа ніжэй).

Амбасадар Украіны ў Польшчы Андрэй Дзешчыца паведаміў, што да 12:00 у выбарчым участку ў Варшаве прагаласавалі 1145 чалавек з амаль 17 тысяч, якія маюць права аддаць тут голас.

Чарга каля амбасады Украіны ў Варшаве. Фота з афіцыйнага «Twitter» Андрэя Дзешчыцы

Самую вялікую яўку ў гісторыі ўкраінскіх выбараў чакаюць таксама супрацоўнікі амбасады Украіны ў Менску, дзе па стане на 12:00 прагаласавала 241 асоба. Усяго на консульскім уліку ў пасольстве Украіны ў Менску стаяць 7 тысяч чалавек.

Амбасадар Украіны ў Нямеччыне Андрэй Мельнік у сваім Twitter заўважыў, што шмат, хто жадае аддаць свой голас у выбарах-2019 і ў Берліне.

Выбары ва Украіне ў праграме «Вот так»

Увечары журналісты інфармацыйнай рэдакцыі «Белсату» абмяркуюць вынікі першага тура прэзідэнцкіх выбараў з экспертамі ў спецвыпуску праграмы «Вот так».

Падчас жывых уключэнняў з Кіева, Харкава і Адэсы нашыя карэспандэнты прадставяць папярэднія вынікі кампаніі і распавядуць, як галасавалі выбарцы ў розных частках Украіны.

Разам з палітолагамі і сацыёлагамі, якія прыйдуць у нашую студыю, мы абмяркуем фіналістаў першага туру, зробім прагнозы на другі ды прааналізуем выклікі, якія з’явяцца перад наступным кіраўніком украінскай дзяржавы – ад карупцыі да Данбасу.

Вядоўцаю украінскага выбарчага вечару на «Белсаце» стане Святлана Аўчарова. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

Глядзіце спецыяльны выбарчы «Вот так» 31 сакавіка з 19:30 да 21:00 паводле Кіева, Масквы і Менску ў жывым эфіры «Белсату».

ДД belsat.eu; фота анонсу – Kacper Pempel/Reuters/Forum

Глядзі таксама
Каментары