Прэзідэнтам Малдовы абралі прарасейскага сацыяліста Ігара Дадона


У другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Малдове перамог старшыня Партыі сацыялістаў Ігар Дадон. Ён набраў 55,40 % галасоў пасля апрацоўкі больш як 95 % пратаколаў.

Ягоная канкурэнтка, праеўрапейская лідарка партыі «Дзеянне і салідарнасць» Мая Санду атрымала 44,60 % галасоў пасля рэгістрацыі 95 % пратаколаў.

Пра гэта паведамляе Цэнтрвыбаркам Малдовы.

Паводле Кодэксу аб выбарах, выбраным лічыцца кандыдат, які набраў найбольшую колькасць галасоў, незалежна ад колькасці выбарцаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні.

Яўка выбарцаў, зарэгістраваная на момант закрыцця выбарчых участкаў (а 21:00), склала 53,34 %. Гэта больш, чымся ў першым туры – тады яўка была 49,17 %.

Паводле вынікаў першага туру выбараў, за Дадона прагаласавалі больш за 48 % выбарцаў, а за Санду – каля 38 %. Дэмакратычныя сілы лічылі, што ў другім туры на выбарчыя ўчасткі прыйдзе больш моладзі, якая мае праеўрапейскія погляды.

Мая Санду заявіла пра шматлікія парушэнні падчас другога туру выбараў, у прыватнасці шмат каму з грамадзянаў Малдовы не ўдалося прагаласаваць на ўчастках у замежжы, бо там не хапіла бюлетэняў. Мая Санду лічыць, што грамадзяне Малдовы, якія працуюць у ЕЗ, былі б схільныя падтрымаць менавіта яе на выбарах.

Ігар Дадон у сваю чаргу заклікаў сваіх прыхільнікаў не ўключацца ў мажлівыя пратэсты ў краіне.

13 лістапада 2016 года прайшоў другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Малдове. На пасаду прэзідэнта прэтэндавалі два кандыдаты: старшыня Партыі сацыялістаў Ігар Дадон, які мае прарасейскія погляды, і праеўрапейская кандыдатка ад правых сіл, лідарка партыі «Дзеянне і салідарнасць» Мая Санду.

Гэта першыя з 1996 года ўсенародныя выбары прэзідэнта ў Малдове. З 2001 па 2009 гады кіраўніка дзяржавы выбіраў парламент. Вясной 2016 года Канстытуцыйны суд вынес вердыкт аб вяртанні да працэдуры ўсенароднага абрання прэзідэнта.

У Балгарыі на прэзідэнцкіх выбарах перамог таксама прарасейскі кандыдат – беспартыйны генерал у адстаўцы Румэн Радэў, які балатаваўся ад апазіцыйных сацыялістаў.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў