Прэзідэнт ЗША ўпершыню правёў перамовы з лідарам «Талібану»


Прэзідэнт Доналд Трамп правёў тэлефонную размову з адным з лідараў руху «Талібан» Абдулой Гані Барадарам. Гэта першы вядомы выпадак наўпроставых перамовах амерыканскага прэзідэнта і аднаго з лідараў «Талібану», адзначае Reuters.

Падчас тэлефоннай размовы Доналд Трамп і Абдул Гані Барадар абмеркавалі гістарычнае пагадненне аб перамірʼі паміж ЗША і талібамі, падпісанае нядаўна ў Катары.

Паводле заявы афганскай групоўкі, размова намесніка кіраўніка «Талібану» з прэзідэнтам ЗША доўжылася 35 хвілінаў, піша golos-ameriki.ru. Гані Барадар запэўніў Трампа ў тым, што «Талібан» імкнецца ўсталяваць «пазітыўныя будучыя двухбаковыя стасункі» з Вашынгтонам пасля вываду з краіны сілаў кааліцыі, у адпаведнасці з дамовай, падпісанай у суботу.

Падчас сустрэчы з журналістамі ў Белым доме, Трамп заявіў, што ў яго адбылася «вельмі добрая размова» з лідарам «Талібану». Барадар жыве ў Дохе, сталіцы Катара, дзе на мінулым тыдні ён падпісаў гістарычнае пагадненне з Залманам Халілзадам, спецпрадстаўніком Дзярждэпартамента па ўрэгуляванні ў Афганістане.

«У мяне вельмі добрыя стасункі з мулой. У нас сёння адбылася добрая доўгая размова, і вы ведаеце, яны хочуць спыніць гвалт», – заявіў Трамп, распавядаючы пра тэлефонную размову, якая стала першым такім кантактам паміж дзейным прэзідэнтам ЗША і лідарам «Талібану».

«Я думаю, у нас усіх ёсць агульны інтарэс… Мы былі там на працягу 20 гадоў. Іншыя прэзідэнты спрабавалі і не маглі заключыць любога кшталту дамовы», – дадаў прэзідэнт.

Размова адбылася праз два дні пасля таго, як афганскі прэзідэнт Ашраф Гані адмовіўся ад абмену палоннымі з паўстанцкай групоўкай, што зʼяўляецца ключавым кампанентам у пагадненні паміж ЗША і «Талібану». Ён адзначыў, што гэтае пытанне мусіць вырашацца па выніках унутрыафганскіх перамоваў (урад Афганістана не прымаў удзелу ў перамовах паміж ЗША і «Талібану»). Прадстаўнікі «Талібану» назвалі заяву Гані спробай сабатаваць мірную здзелку.

У аўторак у «Талібане» заявілі, што Трамп паабяцаў Барадару, што дзяржсакратар Майк Пампэа «хутка пагаворыць з Ашраф Гані, каб ліквідаваць усе перашкоды для ўнутрыафганскіх перамоваў».

  • Ваенная аперацыя ЗША ў Афганістане распачалася ў 2001 годзе, яе мэтай было звяржэнне ісламісцкай групоўкі «Талібан», якая кантралявала большасць тэрыторыі краіны. Амерыканскія ўлады абвінавацілі «Талібан» у падтрыманні тэрарыстаў, што арганізавалі тэракты 11 верасня 2001 года ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне. Дзякуючы вайсковай аперацыі ЗША ў Афганістане быў сфармаваны новы ўрад, аднак «Талібан» не быў знішчаны цалкам, а перайшоў да партызанскай вайны.
  • За 19 гадоў канфлікту ў Афганістане загінулі больш за 2500 амерыканскіх жаўнераў. Абяцанне скончыць вайну ў Афганістане было адным з ключавых у перадвыбарчай праграме Трампа.
ВІДЭА
Афганскі ўдар Трампа па Крамлі
2020.02.15 16:42

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў