Прэзідэнт Туркменістану запрасіў Беларусь на І Каспійскі эканамічны форум


31 траўня ў Ашгабаце Сяргей Румас бярэ ўдзел у пасяджэнні Савету кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаваў. Напярэдадні прэм’ер-міністр нашай краіны сустрэўся з прэзідэнтам Туркменістану Гурбангулы Бердымухамедавым, паведамляе прэсавая служба Савету міністраў.

Прэм’ер-міністр Сяргей Румас падкрэсліў, што ў Беларусі высока ацэньваюць асабістую ўвагу Гурбангулы Бердымухамедава да ўсебаковага развіцця стасункаў паміж Беларуссю і Туркменістанам.

На сустрэчы абмяркоўваліся ў тым ліку пытанні нарошчвання ўзаемнага таваразвароту.

«Мы абмеркавалі пытанні двухбаковай супрацы і канстатавалі, што яна развіваецца дынамічна, разам з тым яе патэнцыял далёка не вычарпаны. Мы маглі б больш актыўна працаваць над супольнымі праектамі, больш актыўна гандляваць, больш актыўна пастаўляць беларускую тэхніку, пра якую добрыя водгукі ў Туркменістане», – распавёў Сяргей Румас.

Гурбангулы Бердымухамедаў запрасіў беларускі бок на I Каспійскі эканамічны форум, які пройдзе ў жніўні бягучага года ў Туркменістане.

«Беларуская дэлегацыя будзе прадстаўлена на гэтых маштабных мерапрыемствах», – адзначыў прэмʼер-міністр Беларусі.

Таваразварот паміж Беларуссю і Туркменістанам у 2018 годзе склаў 32,2 мільёны долараў ЗША, з якіх 27,5 мільёнаў – экспарт беларускіх тавараў і паслугаў.

Hавiны
Туркменістан будзе судзіцца з Беларуссю ў Стакгольмскім арбітражы
2019.03.11 17:58

СК belsat.eu

Стужка навінаў