Прэзідэнт Літвы наведаў гімназію імя Францыска Скарыны ў Вільні

1 верасня ўпершыню ў гісторыі гімназію імя Францыска Скарыны ў Вільні наведаў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Фармат святкавання 1 верасня праз пандэмію сёлета быў зменены. Святочная імпрэза праходзіла ў актавай залі: на ёй прысутнічала 12 першакласнікаў, іх бацькі, настаўнікі і некалькі вучняў старэйшых класаў, якія зачыталі свае вершы і па традыцыі ўручылі ранцы.

1 верасня ў гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільні. Фота – belsat.eu
1 верасня ў гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільні. Фота – belsat.eu
1 верасня ў гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільні. Фота – belsat.eu

Калі прыехаў Гітанас Наўседа і выйшаў з машыны павітаць бацькоў, да яго падышоў вучань малодшых класаў, каб пачаставаць прэзідэнта зефірам «Дзякуй. Я люблю зефір», – адказаў Наўседа.

Вучань частуе Гітанаса Наўседу зефірам. Фота – belsat.eu
Гітанас Наўседа ў гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільні. Фота – belsat.eu

Падчас выступу музычнага калектыву гімназіі прэзідэнту Літвы пачулася, што не наладжана гітара і ён прапанаваў яе наладзіць. Гэта выклікала пазітыўныя эмоцыі ў прысутных. Пасля пачалася размова прэзідэнта з вучнямі і выкладчыкамі. Наўседа падкрэсліў значэнне Францыска Скарыны для абодвух народаў.

Гітанас Наўседа наладжвае гітару для беларускага школьнага гурта. Фота – belsat.eu
Гітанас Наўседа наладжвае гітару для беларускага школьнага гурта. Фота – belsat.eu

Вучні змаглі паразмаўляць з прэзідэнтам і задаць яму свае пытанні. Гітанас Наўседа цікавіўся, як беларускія школьнікі ацэньваюць навучанне і жыццё ў Літве, ці жадаюць вярнуцца ў Беларусь, ці застацца ў Літве і чаму. А вучні задавалі пытанні пра прэзідэнцкую працу.

Наўседа падкрэсліў, што Літву і Беларусь звязвае доўгая гісторыя, культурная спадчына Вялікага княства Літоўскага, еўрапейскія каштоўнасці. Геапалітычная сітуацыя, гістарычнае існаванне паміж Захадам і Усходам абʼядналі і абʼядноўваюць абедзве нацыі ў рэгіянальныя зносіны.

Гітанас Наўседа ў гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільні. Фота – belsat.eu

Прадстаўнікоў амбасады Беларусі сёлета на святочных мерапрыемствах ў гімназіі не было.

Ганна Русінава belsat.eu

Hавiны