Прэзідэнт Чэхіі прапанаваў кампенсаваць анексію Крыму нафтай або газам


Кіраўнік Чэхіі Мілаш Земан назваў анексію Крыму «завершанай справай» і прапанаваў урэгуляваць усе прэтэнзіі Украіны да Расеі ў выглядзе фінансавых або сыравінных кампенсацыяў.

Пра гэта Земан заявіў у Страсбургу падчас звароту да дэпутатаў ПАСЕ, паведамляе «Еўрапейская праўда».

«На маю думку, будзе нейкая кампенсацыя для Украіны – або ў фінансавай форме, або нафтай, або газам», – заявіў Земан.

«Крым – гэта без сумневу анексія. І гэта завершаная справа (fait accompli – заўв. eurointegration.com.ua)», – дадаў кіраўнік Чэхіі.

Земан таксама працытаваў былога нямецкага прэзідэнта Ёахіма Гаўка: «Калі мы хочам забраць Крым і вярнуць яго Украіне, гэта будзе азначаць еўрапейскую вайну».

Калі Украіна будзе намагацца вярнуць Крым – «еўрапейская вайна» непазбежная. «Мы павінны пазбегнуць еўрапейскай вайны, і вы павінны гэта зразумець», – звярнуўся ён да дэпутатаў ПАСЕ.

Раней Земан прапаноўваў адмяніць санкцый у дачыненні да Расеі і называў іх «поўнай бязглуздзіцай».

ЮВ, belsat.eu, паводле eurointegration.com.ua

Стужка навінаў