Прэтэндэнтка на кандыдата ў прэзідэнты Алена Давыдава: на мяне ціснуць

Алена Давыдава ля свайго дома ў Гомлі, дзе яе пільнуюць лекары і міліцыя. Фота: «Белсат»

Ужо тры дні ля хаты Алены Давыдавай ў Гомлі пільнуюць медыкі ў ахоўных касцюмах і людзі ў штацкім. Прапаноўваць ёй здаць мазок на каронавірус і пагадзіцца на самаізаляцыю.

15 траўня жанчыне даводзілася ўцякаць ад іх гародамі, каб выехаць з гораду і паспець на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў ЦВК. Але і пасля рэгістрацыі ўвага да спд. Алены нікуды не падзелася. Афіцыйнае версія пераслед-брыгады, што будучы фельчаркаю ў хуткай дапамозе яна з’яўляецца кантактам першага ўзроўню і мае абавязак самаізалявацца.

На рэгістрацыю ў ЦВК кандыдатка пратэсту мусіла бегчы з дому праз вакно

Адразу пасля вяртання дадому з рэгістрацыі ў ЦВК а 1:00 уночы да Алены Давыдавай прыйшоў участковы інспектар. Свяціў у вакно ліхтаром і гучна грукаў у шыбу. Муж Канстанцін адказаў яму, што яны нікога не выклікалі, а справа самаізаляцыі не пільная і да раніцы можа пачакаць.

Лекары грукаюцца у браму да Алены Давыдавай. Фота: «Белсат»

А 6:30 да патэнцыйнай кандыдаткі прыехаў лекар паліклінікі Гомельскага раёну ў ахоўным халаце без супрацьчумнага касцюму і міліцыянт, які не прадставіўся. Першае, што ад яе запатрабавалі – распісацца ў паперы, дзе яна, як кантакт першага ўзроўню, пагаджаецца на 14 дзён самаізаляцыі.

«У нас у краіне не абвешчана афіцыйна эпідэмія, – абураецца спд.Алена, – не абвешчаны каранцін. Самаізаляцыя, – гэта калі я сама вырашыла сябе ізаляваць, а я асабіста не лічу неабходным сябе ізаляваць. Лічу, што гэты дакумент, які мне прапанавалі падпісаць, незаконны».

У Алены Давыдавай узялі мазок на каронавірус. Ад прапановы зрабіць ёй медычны агляд лекар адмовіўся.

Праз некалькі гадзінаў спд. Алене патэлефанавала жанчына, якая прадставілася інфекцыяністам 3-й гарадской паліклінікі Гомля і паведаміла пра неабходнасць заставацца на самаізаляцыі і пра візіт лекара сказала пра неабходнасць паўторнай здачы мазка праз 10 дзен.

«У нас паводле закону ўсё аналізы здаюцца добраахвотна, – патлумачыла спд. Давыдава, – таксама як і медычны агляд у нас добраахвотны. Няма ў нас аніякіх пастановаў, якія б абавязвалі мяне гэта рабіць. Таксама ў размове я падняла пытанне пра свой бальнічны. Бо лекар, які прыходзіў да мяне раніцою, сказаў, што мне выпішуць бальнічны сённяшняй датай».

Меддапамогу да Алены Давыдавай дасылалі 4 разы. Фота: «Белсат»

Адметна, што на бальнічны з усёй брыгады хуткай дапамогі, якая нібыта кантактавала з ковід-пазітыўным хворым, пойдзе толькі адна яна. Калегі фельчаркі 7 дзён з названага часу працуюць на хуткай дапамозе і ніхто іх на бальнічны не адпраўляе.

Праз пэўны час да патэнцыйнай кандыдаткі наведалася жанчына ў міліцэйскай форме і чалавек у штацкім. Жанчына здымала ўсё на мабільны тэлефон, дадаткова мела нагрудны відэа-рэгістратар. Пасля некалькіх настойлівых просьбаў з боку гаспадыні, міліцыянт перастала здымаць і патлумачыла, што мэта іхнага візіту – упэўніцца, што Давыдава знаходзіцца дома на самаізаляцыі.

У Алены Давыдавай узялі мазок на каронавірус. Фота: «Белсат»

Неўзабаве муж спд. Алены паведаміў, што іхную сям’ю хоча наведаць класная кіраўніца аднаго з дзяцей, хаця такі агляд на пачатку года настаўніца ўжо рабіла.

У 15-ай гадзіне да патэнцыйнай кандыдаткі зноўку прыехалі два медыкі ў ахоўных касцюмах і прапаноўвалі яе агледзець, але яна адмовілася.

«На мяне спрабуюць вельмі моцна псіхалагічна ціснуць, – кажа Алена Давыдава, – у нас хранічна не хапае лекараў, іншага медычнага персаналу, а тут да мяне дасылаюць лекара, які робіць забор мазка, чатыры разы высылаюць медыкаў і міліцыю. Два дні пад маім домам дзяжураць медыкі і людзі ў штацкім. Абурае гэтае бязмежжа, на мяне патрацілі столькі рэсурсаў і бюджэтных грошай. Я што – злачынца, мне забаронена перасоўвацца па тэрыторыі краіны?»

Прэтэндэнтка на кандыдата ў прэзідэнты Алена Давыдава. Фота: «Белсат»

Алена Давыдава з’яўляецца кандыдаткай пратэсту – 1 з 27 вылучэнцаў ад ініцыятывы Міколы Статкевіча, які прапанаваў выкарыстаць этап збору подпісаў падчас прэзідэнцкай кампаніі для легальнай і бяспечнай мабілізацыі прыхільнікаў пераменаў і заклікаў іх да мірнага пратэсту пасля выбараў, якія (на яго думку) будуць сфальсіфікаваны на карысць Лукашэнкі. На цяперашні момант вядома, што 8 з 27 кандыдатаў пратэсту ўжо адмовілі ў рэгістрацыі з прычыны нібыта несапраўднасці подпісаў сябраў ініцыятыўнай групы прэтэндэнтаў.

Ганна Кавальчук Belsat.eu

Hавiны