Прэс-сакратар Ціханоўскіх: Лукашэнка з Вакульчыкам думаюць, што далей рабіць з затрыманымі


Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Сяргей Ціханоўскі і яшчэ сямёра чалавек з ягонай каманды застаюцца ў ІЧУ Менску. Увечары 1 чэрвеня будзе тры дні з моманту іхнага затрымання: следчыя мусяць паведаміць, якая будзе далейшая хада расследавання крымінальнай справы і ці вызваляць падазраваных. Прэсавы сакратар Святланы Ціханоўскай Аляксандр Кабанаў паведаміў «Белсату», што з кожным з затрыманых працуе адвакат.

Сяргея Ціханоўскага і прадстаўнікоў ягонай каманды затрымалі ў Горадні 29 траўня. Міліцыянты інкрымінуюць блогеру гвалт у дачыненні міліцыянтаў. Інцыдэнт з затрыманнем адбыўся каля 20:00. Спачатку да Ціханоўскага падышлі жанчыны і сталі задаваць яму правакацыйныя пытанні ды хапаць за вопратку. Пазней падышлі два міліцыянты, але людзі пачалі абараняць блогера ад іх, пры гэтым адзін з праваахоўнікаў раптоўна ўпаў на зямлю.

На пікеце ў Горадні, за некаторы час да затрымання.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Вядома, што разам з Сяргеем Ціханоўскім затрымалі трох аператараў, сярод якіх – Вяргілій Ушак. 31 траўня ўвечары ў Горадні затрымалі Арцёма Сакава, таксама аператара Ціханоўскага. Затрымалі кіроўцу Ціханоўскага – Аляксандра. З каманды блогера затрымалі Сяргея. За кратамі таксама Зміцер Фурманаў – адміністратар тэлеграм-каналу «Страна для жизни» і ўдзельнік ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, Яўген Разнічэнка – удзельнік ініцыятыўнай групы Святланы.

Hавiны
Ціханоўскага і яшчэ семярых затрыманых перавезлі ў Менск
2020.05.31 08:41

У дачыненні да затрыманых распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэкса за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Пакаранне паводле гэтага артыкулу прадугледжвае арышт, ці абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў.

«Адметна, што большая частка затрыманых на момант правакацыі, калі міліцыянт упаў на зямлю, знаходзіліся даволі далёка ад месца інцыдэнту. Гэта абсалютна палітычна-матываваная справа. Мы лічым, што гэта правакацыя», – распавёў «Белсату» Аляксандр Кабанаў, прэсавы сакратар Святланы Ціханоўскай.

ВІДЭА
БТ паказала новае відэа інцыдэнту з удзелам Сяргея Ціханоўскага
2020.06.01 13:14

Праваабаронцы заявілі, што Сяргей Ціханоўскі зʼяўляецца палітычным вязнем і патрабуюць неадкладнага вызвалення блогера і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго, а таксама вызвалення і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іншых затрыманых за ўдзел у пікеце 29 траўня 2020 г. грамадзянаў, калі яны непасрэдна не здзяйснялі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

«Ва ўсіх затрыманых ёсць адвакаты, працуюць праваабаронцы. Як толькі будзе нейкая інфармацыя, то мы агучым абавязкова. Мы чакаем вечара, нешта павінна адбыцца сёння вакол гэтай справы. Перакананы, што падчас сустрэчы Лукашэнкі з кіраўніком КДБ Валерыем Вакульчыкам гэтая сітуацыя абмяркоўвалася. Яны думаюць, што рабіць далей», – кажа Аляксандр Кабанаў.

Пікет у Менску. 31 траўня 2020.
Фота: Belsat.eu

Жонка затрыманага Святлана Ціханоўская раней агучыла, што затрыманне і крымінальны пераслед Сяргея расцэньвае як «грубую спробу зацікаўленых асобаў перашкаджаць ажыццяўленню выбарчых правоў».

«Я адчуваю падтрыманне з боку людзей. Я была ў ІЧУ, перадавала перадачу Сяргею і бачыла, што перад мною стаяў мужчына, які таксама рабіў перадачу майму мужу. Гэта прыемна, што людзі дапамагаюць, не пакідаюць сам-насам у турме, каб нават там, за кратамі, Сяргей адчуваў, што яго падтрымліваюць. Не толькі я, яго сямʼя, але і іншыя людзі», – распавяла «Белсату» Святлана Ціханоўская.

Hавiны
«Усенароднага абурэння не схаваць». Эксперты тлумачаць, навошта Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком КДБ
2020.06.01 17:11

СК belsat.eu

Стужка навінаў