Прэс-сакратар Пашыньяна: Лукашэнка зноў выдае змест закрытых сустрэчаў


Лукашэнка і Пашыньян падчас саміту 6 снежня. Фота - president.gov.by

Прэс-сакратар прэм’ер-міністра Арменіі Арман Эгаян пракаментаваў словы Аляксандра Лукашэнкі на адрас Нікола Пашыньяна, сказаныя падчас прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў 14 снежня.

На сустрэчы з журналістамі Лукашэнка распавёў: на саміце ЕАЭС 6 снежня ён сказаў Ніколу Пашыньяну, што той дарма папракае Беларусь у продажы зброі Азербайджану, бо галоўнымі пастаўшчыком зброі для Баку зʼяўляецца Расея. «Пры Пуціне я сказаў яму: Нікол, давай паставім кропкі над «i». Хто займае першае месца па гандлі зброяй з Азербайджанам? Хто? Расея. А чаго ты язык… засунуў? Скажы яму, пакрытыкуй Уладзіміра Уладзіміравіча. А, баішся?», – сказаў Лукашэнка.

«З нагоды слоў спадара Лукашэнкі лічу неабходным зрабіць некалькі важных канстатаванняў. На жаль, спадар Лукашэнка працягвае практыкаваць разгалашэнне зместу закрытых сустрэчаў. На жаль, спадар Лукашэнка – у чарговы раз, абвясціў толькі тое, што сказаў ён, і не сказаў пра тое, якія адказы ён атрымаў ад прэмʼер-міністра Арменіі. Прэмʼер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян заўсёды ўздымаў праблемнае пытанне продажу зброі Азербайджану з боку РФ. Арменія плануе працягнуць абмеркавання ў рамках АДКБ наконт забеспячэння паўнавартаснага выканання ўзаемных саюзніцкіх абавязкаў з боку краінаў-удзельніц», – адзначыў прэс-сакратар армянскага прэмʼер-міністра, піша armenpress.am.

На прэс-канферэнцыі 14 снежня Лукашэнка таксама распавёў, што на саміце ЕАЭС ён потым прасіў прабачэння ў Пашыньяна за тое, што нападаў на яго.

«Я б ніжэй за сваю годнасць палічыў». Лукашэнка заявіў, што не прасіў прабачэння ў Пуціна

Нагадаем, кіраўніцтва Арменіі не ўпершыню незадаволена заявамі Лукашэнкі. 16 лістапада Нікол Пашыньян заявіў, што будзе патрабаваць тлумачэнняў ад Лукашэнкі, які абмяркоўваў сітуацыю ў АДКБ з амбасадарам Азербайджану. «Гэта прыкладна тое ж самае, як калі б напрыклад я запрасіў якога-небудзь замежнага амбасадара краіны, якая не з’яўляецца членам АДКБ, і распавёў яму пра паседжанне, якое прайшло ў фармаце зачыненых дзвярэй, – адзначыў палітык. – Я здзіўлены тым, што чалавек, які займае статус кіраўніка дзяржавы на працягу 30 гадоў, мог дазволіць сабе падобны крок. І я, вядома, павінен запатрабаваць тлумачэнняў ад прэзідэнта Беларусі і не толькі ад прэзідэнта Беларусі».

МЗС Беларусі рэзка адрэагавала на заяву Пашыньяна. Прэсавы сакратар міністэрства Анатоль Глаз заявіў, што армянскі лідар уявіў сябе, відаць, міжнародным пракурорам, упаўнаважаным караць або мілаваць. «Напэўна, спадар Пашыньян пакуль не зразумеў, што правілы так званай вулічнай дэмакратыі не прымальныя ў вялікай палітыцы. Шкада. Спадзяемся, што з часам гэта пройдзе», – падсумаваў Анатоль Глаз.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары