Прэс-сакратар Парашэнкі: на Данбасе загінуў 2081 грамадзянін Расеі


Прэс-сакратар прэзідэнта Украіны Святаслаў Цэголка апублікаваў у «Тўітэры» спасылку на спіс грамадзянаў Расеі, якія загінулі падчас узброенага канфлікту на Данбасе. Спіс склалі добраахвотнікі групы «Груз 200 з Украіны ў Расею».

У спісе значыцца 2081 чалавек – яны пералічаны ў алфавітным парадку, у большасці пазначаныя імя, імя па бацьку, прозвішча, даты нараджэння і смерці (у некаторых – прыблізна), у шматлікіх – пазыўны, родны горад, часам – вайсковае званне, нумар вайсковага падраздзялення, месца гібелі або пахавання.

«Груз 200» штомесяц публікуе новую рэдакцыю гэтага спісу ў «Фэйсбуку», аднак афіцыйны Кіеў спаслаўся на дадзеныя валанцёраў упершыню. Аператыўна праверыць гэтыя звесткі ў незалежных крыніцах немагчыма.

У прэс-службе Міністэрства абароны Расеі адмовіліся каментаваць гэтую публікацыю, спаслаўшыся на выходны дзень, аднак з самага пачатку ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны Масква паслядоўна аспрэчвала ўсе абвінавачванні, што там ваююць кадравыя расейскія вайскоўцы.

Раней, 29 лютага, Міністэрства замежных спраў Украіны заявіла, што «з моманту пачатку агрэсіі» на ўсходзе краіны загінула 2,6 тыс. прадстаўнікоў украінскай арміі, больш за 9 тыс. атрымалі раненні. За месяц да гэтага прэзідэнт краіны Пятро Парашэнка ацэньваў колькасць загінулых на Данбасе ўкраінскіх вайскоўцаў у 2269.

Кіеў абвінавачвае Расею ў падтрыманні ўзброеных прыхільнікаў самаабвешчаных рэспублік на Данбасе, Масква абвяргае гэтыя абвінавачванні.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў