Прэс-сакратар Мядзведзева: «Любая інтэграцыя – гэта заўсёды і кампраміс, і ў чымсьці саступкі»


Па выніках перамовах Сяргея Румаса і Дзмітрыя Мядзведзева ва ўрадзе РФ адзначаюць прагрэс у прасоўванні па інтэграцыйным парадку дня, але дадаюць, што прагрэс суправаджаўся сурʼёзным «эмацыйным напружаннем».

Пра гэта ў інтэрвʼю выданню «Лента.ру» заявіў прэс-сакратар прэмʼер-міністра РФ Алег Осіпаў.

Ён канстатаваў, што ўрадавы раўнд перамоваў скончыўся, 7 лістапада пытанні інтэграцыі будуць абмяркоўваць прэзідэнты.

«Ва ўрадзе РФ адзначаюць прагрэс у прасоўванні ў інтэграцыйным парадку дня. Але адзначаюць і сурʼёзнае эмацыйнае напружанне, якое суправаджала гэты працэс. Зʼявіліся нейкія «антыбеларускія сілы», якія ўплываюць на найвышэйшых службовых асобаў Расейскай Федэрацыі. Гэта нават каментаваць дзіўна, ды і Дзмітрый Анатольевіч ужо выказаўся па гэтым пытанні ў пачатку сустрэчы з Сяргеем Румасам», – адзначыў прэс-сакратар Мядзведзева.

«Відавочна, што любая інтэграцыя – гэта заўсёды і кампраміс, і ў чымсьці саступкі. І да іх трэба быць гатовым. Калі ў выніку атрымаецца ўзгадніць хоць бы частка з пакінутых дарожных карт, то гэта будзе вялікім прагрэсам. Пры гэтым расейскі бок прытрымліваецца комплекснага падыходу пры абмеркаванні інтэграцыйных працэсаў і эканамічнай супрацы. Умовы паставак у Беларусь расейскіх нафты, газу, выдача новых крэдытаў павінны разглядацца, што называецца, у пакеце з рухам па інтэграцыйным шляху, яго хуткасцю і маштабам», – падкрэсліў Осіпаў.

7 снежня Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмяркуюць пытанні беларуска-расейскай інтэграцыі ў Сочы. 8 снежня ў Маскве адбудзецца паседжанне Найвышэйшага Дзяржаўнага Савету Саюзнай дзяржавы, дзе запланавана падпісанне інтэграцыйных дакументаў.

Hавiны
Што трэба ведаць пра «дарожныя мапы» і перамовы Лукашэнкі з Пуціным
2019.12.04 16:26

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў