Журналісты – не «ізюм». Прэс-канферэнцыя ў БАЖу з нагоды затрыманняў журналістаў. Відэа


За апошнія два тыдні ў Беларусі было затрымана 28 журналістаў. Гэта ўдвая больш, чым за цэлы мінулы год. Выпісваюцца штрафы, прысуджаюцца суткі арышту – усё, каб стварыць перашкоду выкананню прафесійных абавязкаў тым, хто транслюе рэчаіснасць без фільтраў.

Журналістыне «ізюм»

Беларуская асацыяцыя журналістаў скіравала лісты на адрас міністра ўнутраных спраў і генеральнага пракурора.

«Выкарыстоўваюцца ўсе магчымыя метады ціску, пагрозы пазбаўлення акрэдытацыі. А што датычыцца абсурдных дзеянняў, калі ціск ідзе нават праз сямʼю, дзіця, то гэта паказвае ўзровень нашай улады», – кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. 

Журналісты абвінавачваюцца, у асноўным, ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, парушэнні парадку вырабу або распаўсюду медыйнай прадукцыі, або яшчэ ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі, што можа прадугледжваць да 15 содняў арышту.

«Відавочна, чаму пачалося паляванне на журналістаў. І канкрэтна на тых, хто здымае, хто транслюе падзеі літаральна ў прамым эфіры. Тая рэальнасць, якая стваралася дваццаць гадоў, нібыта ўсе жывуць шчасліва, і толькі некаторыя нячэсныя палітыкі і журналісты падбухторваюць людзей, развальваецца на вачах менавіта дзякуючы людзям, якія даносяць тое, што адбываецца. Усю гэтую »гарачую« вясну людзі бачаць у прамым эфіры. Уладам не падабаецца тое, што яны бачаць у люстэрку, якім з’яўляюцца журналісты», – лічыць Святлана Калінкіна, прадстаўніца тэлеканалу «Белсат».

Кацярына Андрэева, «калі пачула «Свабоду журналістам!», заплакала ад шчасця»

Кацярыну Андрэеву затрымалі падчас наўпроставага эфіру ў Воршы. Разам з аператарам Алесем Баразенкам яны апынуліся ў пастарунку. На Алеся склалі пратакол, нібыта ён прыпаркаваўся ў забароненым месцы, а Кацярыну пратрымалі больш за содні ў РАУС, без ясных тлумачэнняў. На наступны дзень, 13 сакавіка, адбыўся суд, і дзяўчыну выпусцілі са спагнаннем у 690 BYN.

«Я была ўпэўнена, што ўсё скончыцца без суда, магчыма, толькі з пратаколам. Усё стала для мяне шокам, але цяпер я буду ведаць, чаго чакаць», – кажа Кацярына.

Алесю Баразенку, які застаўся ў Воршы, не дазволілі перадаць Кацярыне неабходныя рэчы або ежу. Дзяўчыне не давалі на рукі пратакол, не казалі, калі дакладна адбудзецца суд, у чым яе абвінавачваюць. Увесь гэты час яна знаходзілася ў камеры, на ўмовах сапраўднай правапарушальніцы.

«Я не ела, адмыслова на знак пратэсту, але мне і не хацелася, бо ежа была брудная, побач стаяла прыбіральня. Сілы сыходзяць, я не магу стаяць, кладуся на лаўку або на падлогу, а яны пачынаюць грукаць у дзверы, каб я не клалася, бо ўдзень нельга ляжаць, толькі сядзець або хадзіць. Калі адчынілі дзверы, у мяне слёзы ад нервовай напругі самі паліліся. А потым, калі падыходзіла да судовай залі, я пачула калегаў, якія прыехалі мяне падтрымаць. Яны крычалі «свабоду журналістам!», і я заплакала ўжо ад радасці».

Вольга Чайчыц: «Гэта не за мной, гэта за вамі»

Журналістку «Белсату» Вольгу Чайчыц разам з аператарам Сяржуком Кавалёвым затрымалі 18 сакавіка, таксама падчас стрыму. Яны здымалі сведку затрымання грамадскага актывіста Віктара Марчыка, і ўжо з’язжаючы са Слоніма, заўважылі ўазік, поўны міліцыянтаў. Яны патэлефанавалі сведку, каб папярэдзіць, што яго, магчыма, будуць затрымліваць. На што ён адказаў: «Гэта не за мной, гэта за вамі».

У выніку – некалькі гадзінаў у пастарунку, дзе ім нічога не тлумачылі, пратакола на рукі не давалі, толькі сказалі, што на іх заведзена справа. Дагэтуль невядома, якая. Зараз яны чакаюць позвы ў суд па пошце.

Вольга лічыць, што прамы эфір – гэта спосаб абараніць журналіста і трошкі прытрымаць міліцыянтаў. Як толькі выключаецца камера, яны пачынаюць паводзіць сябе па-іншаму, пачынаюцца грубасці.

«Кожны чалавек, а міліцыянт – таксама чалавек, не хоча паказваць сябе з горшага боку перад усёй краінай. Таму, калі мы папярэдзілі іх, што ў нас ідзе прамы эфір, яны, канешне, і далей выконвалі загад, але стараліся неяк прыстойна сябе паводзіць. Нават быў момант, калі я сказала ў эфіры, што нам зараз прыйдзецца слухаць музыку, якую слухаюць міліцыянты, бо яны ўключылі вельмі гучна радыё. Яны засаромеліся і сказалі, што могуць уключыць усё, што мы захочам. Я прапанавала выключыць, і яны выключылі».

А пасля, у пастарунку, Вользе сказалі, што яна «кепская маці», калі тая папярэдзіла, што ў яе дома немаўля, і не варта яе трымаць надта доўга.

Галіна Абакунчык: «Як у баевіках»

Галіна Абакунчык, журналістка «Радыё Свабода» таксама вяла стрым на сваёй старонцы ў Facebook падчас свайго затрымання ў Воршы. Затрыманне адбылося ўжо пасля акцыі, журналісты заўважылі, што за імі сачылі.

«Як у баевіках, выскачылі АМАПаўцы, схапілі нас і павезлі ў аддзел. Груба вырвалі ўсю тэхніку, а потым мы проста тры гадзіны сядзелі. Нам казалі, што мы не затрыманыя, але нікуды выйсці не дазвалялі. Было зразумела, што яны шукаюць артыкул, па якім нас судзіць».

Акрамя штрафу ў 25 базавых велічыняў, Галіна атрымала папярэджанне ад Міністэрства замежных справаў, што ёй могуць не працягнуць акрэдытацыю налета. Паводле яе словаў, гэта адмысловае высяканне, наўмысная перашкода журналістскай дзейнасці.

«Калегі былі шакаваныя, як і я. Яны кажуць, што гэта перашкода працы журналістаў, якія працуюць эфектыўна», – кажа Галіна.

Калі ў пастарунку яна паведаміла, што ў яе дома знаходзіцца непаўналетняя дачка, ёй прапанавалі выклікаць інспекцыю па справах непаўнагадовых і прыслаць адмыслоўцаў, каб даглядзелі дзіця. Праз некалькі дзён ёй паведамілі са школы, што яе дачкой цікавілася ўправа адукацыі. На што Галіна кажа, што яе сямʼя добра разумее, што адбываецца і падтрымлівае журналістку з усім натхненнем.

«Сёння нельга гэтым запалохаць. Запалохаць можна таго, хто ў чымсьці вінаваты. Я ні ў чым не вінаватая, і ніхто не мае права забараніць мне працаваць як журналістцы. Гэта ніяк не дзейнічае, акрамя таго, што яны самі паказваюць свой страх», – кажа Галіна.

Рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў беларускіх незалежных медыяў ужо атрымалі водгук у міжнародных арганізацыях. «Рэпарцёры без межаў», Freedom House, а таксама Еўразвяз выказаліся з патрабаваннем спыніць ціск на журналістаў у Беларусі.

Беларуская асацыяцыя журналістаў працягвае патрабаваць ад міністэрства ўнутраных справаў і генеральнай пракуратуры расследаванняў, тлумачэнняў і прыцягнення да адказнасці тых, хто перавысіў свае паўнамоцтвы, выносіў несправядлівыя прысуды.

Кіраўнік прававой службы БАЖ Алег Агееў спрабуе трапіць у МУС на прыём, але дагэтуль у яго не атрымліваецца.

«Нагадваем, што журналісты маюць права знаходзіцца на месцах падзеяў незалежна ад таго, ці ёсць дазвол на мерапрыемства. Наперадзе нас чакае яшчэ адна святочная дата, і невядома, якім чынам там будуць разгортвацца падзеі», – кажа Андрэй Бастунец.

«Адно нас ратавала ўсе гэтыя 20 гадоўжурналісцкая салідарнасць. Спадзяюся, ўратуе і цяпер. Былі часы, калі толькі гэта выратавала нас у прафесіі, і незалежныя медыі, і канкрэтных людзей. Я думаю, што цяпер гэты заклік «Адзін за аднаготрымаемся праўды» зноў вельмі актуальны», – дадала Святлана Калінкіна.

Пераслед журналістаў спланаваная акцыя

18 сакавіка беларуская міліцыя і спецслужбы зладзілі скаардынаваную па ўсёй краіне акцыю запалохвання журналістаў, асабліва тых, хто супрацоўнічае з «Белсатам».

Акрамя пераследу здымачных груп у Воршы (затрыманыя Кацярына Андрэева і Аляксандр Баразенка) ды Барысаве (журналістка Вольга Чайчыц і аператар Сяргей Кавалёў) затрыманні журналістаў, што супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам, адбываліся па ўсёй краіне.

У Кобрыне схапілі Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам»: у іх міліцыянты пабілі тэхніку і пагражалі ў пастарунку.

У Гомлі міліцыя затрымала машыну журналісткі Ларысы Шчыраковай праз фармальную прычыну: нібыта аўта ўгнанае. Таксама на Гомельшчыне спынілі аператара Андрэя Толчына і тэлежурналіста Кастуся Жукоўскага, які кіраваў уласным аўтам. Супрацоўнікі ДАІ патрабавалі паказаць, што знаходзіцца ў багажніку, а потым цягам некалькіх гадзінаў не аддавалі дакументы.

На Віцебшчыне міліцыянты затрымалі журналістаў Сяргея Русецкага і Уладзіміра Лунёва. Іх даставілі ў Полацкі РАУС. Паводле міліцыянтаў, прычына спынення ў тым, што 1 сакавіка ў вёсцы Фарынава адбыўся разбойны напад, і аўта, на якім перасоўваліся журналісты, падобнае на аўта, якое фігуруе ў справе па разбойным нападзе.

За некалькі дзён да гэтага праваахоўнікі перашкаджалі выкананню службовых абавязкаў журналістаў Алеся Залеўскага і Вольгі Давыдавай, калі тыя скіроўваліся ў Горадню, каб весці стрым з акцыі недармаедаў, парцаўнікі дзяржаўтаінспекцыі затрымалі аўта і не адпускалі журналістаў цягам некалькіх гадзінаў.

Машыну з журналістам Яўгенам Меркісам заблакавалі на пад’ездзе да Рагачова: ДАІ перакрыла дарогу нібыта дзеля правядзення следчага эксперыменту. Нашаму калезе, аднак, удалося трапіць на кцыю пратэсту. Супраць яго заведзеная адміністрацыйная справа за нібыта “нелагальны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”.

14 скавіка Сяргей Пятрухін, аўтар і вядоўца «Народнага рэпартэру» атрымаў 15 содняў арышту завочна за ўдзел ў «Маршы недармаедаў» у Берасці. 15 содняў атрымаў другі ўдзельнік праекту «Народны рэпартэр», відэааператар Дмзітры Гарбуноў.

ВЧ, ДР/ МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў