Прэм’ера на «Белсаце»: 60 лепшых цытатаў пра жыццё і характар беларусаў


«Партрэт» рэжысёркі Вольгі Дашук – незвычайны фільм. У ім мы бачым толькі твары. І яны толькі гавораць, найчасцей даводзячы нас да смеху ці да слёз. У нядзелю, 29 студзеня, – прэм’ера стужкі на «Белсаце». Толькі цягам тыдня яе можна паглядзець на нашай старонцы. Спяшайцеся!

Гэты фільм – спроба калектыўнага партрэту сучасных беларусаў – ад гадавалага дзіцяці да амаль 100-гадовых. Яны адказваюць на розныя пытанні. Пра перажытае гора. Пра тое, чаго баяцца. Пра нацыянальнае пачуццё. Пра самае важнае для іх. І пра мары.

Такая цікавая форма аповеду ўвайшла ў класіку кінематографу, дзякуючы польскаму рэжысёру Кшыштафу Кесьлёўскаму. Ягоны фільм «Галовы, якія размаўляюць» выйшаў на экраны пры сацыялістычнай Польшчы – у 1980 годзе. Для палякаў дыктатура – гэта гісторыя, а для беларусаў – штодзённасць. У фільме Вольгі Дашук – больш за 60 герояў (у Кесьлёўскага – 44).

Пра тое, які ж ён – беларускі характар, пра ядравыя выбухі з адлегласці 1,5 км і самую вялікую радасць для беларуса «Белсат» гутарыць з аўтаркаю «Партрэта».

Перакладчык з санскрыту і аматар «баярышніка»

Як вы выбіралі герояў? Праз знаёмых?

Для гэтага фільма я зняла амаль 100 чалавек. Асноўнымі крытэрамі былі людзі, па-першае, розных узростаў – ад немаўлятаў да амаль стогадовых, – па-другое, абсалютна розных прафесіяў, біяграфіяў, месца жыхарства. Мне важна было паказаць і гарадскую інтэлігенцыю, і «сыходзячую натуру» – старых з выміраючых вёсак. І трэцяе, што было істотна, – нельга было спыніць чалавека на вуліцы і на хаду задаць яму некалькі пытанняў. Тут патрэбны іншы падыход, які патрабуе даверу, дазволу зайсці ў хату і доўга размаўляць перад камерай. Некаторых герояў я ведала раней, але большасць бачыла першы раз у жыцці.

Вольга Дашук. Кадр з відэа EuroBelarus.Info

Ці калектыўны партрэт беларусаў атрымаўся праўдзівым з сацыялагічнага пункту погляду? Паказвае ён сапраўдны, прапарцыйны зрэз грамадства? Ці вы не ставілі такой мэты? Напрыклад, большасць маладых людзей у вас размаўляе па-беларуску, што не зусім адпавядае рэчаіснасці.

У любым дакументальным фільме так званай «праўды» не болей, чым у гульнявым. І ніякай мэты зрабіць сацыялагічнае даследаванне я не мела, дакументалістыка і сацыялогія – розныя сферы. Хацелася хутчэй даць уяўленне, што гэтай восенню адбывалася ў галовах беларусаў, што яны думаюць пра асноўныя рэчы – жыццё і смерць. Я намагалася, каб атрымалася, з аднаго боку, універсальная карціна: паказаць як мяняецца ўспрыманне свету з узростам. А, з другога, дадаць «беларускую нотку» – каб выступіла нешта адметнае, што характарызуе менавіта наш нацыянальны характар.

Беларускамоўныя героі ў фільме не з’яўляюцца большасцю – гэтак, як і ў жыцці. Мова персанажаў не была ў мяне самамэтай. Не толькі ў гэтым фільме, увогуле – заўсёды шукаеш людзей, якія цікава мысляць і могуць нешта сказаць. Гэта, дарэчы, не залежыць ад адукацыі і сацыяльнага статусу чалавека. У любым сацыяльным слоі ёсць тыя, хто можа быць патэнцыйным героем кіно, і хто – не.

Мне хацелася, каб кожны герой выглядаў «адным з нас». І таму ў фільме ёсць вядомы доктар, ёсць мастак і пісьменнік, ёсць паэтка, перакладчык з санскрыту, ёсць былы кіраўнік дзяржавы. І ёсць разумны герой, які гаворыць глыбока філасофскія рэчы і штодня любіць выпіць настойкі глогу ці сардэчніку з аптэкі ў суседняй вёсцы…

Нехта сам адказваў па-беларуску, калі я пераходзіла на беларускую. Былі і тыя, для каго беларуская мова – натуральны элемент штодзённага жыцця, яны думаюць на ёй. Сустракаліся і героі, як той вясковы хлопец, які на пытанне, ці пачуваецца беларусам, адказаў, што ён ні беларус, ні рускі… І калі я спытала, хто ж ён, пачула: «А я адкуль ведаю?» Гэта так тыпова…

Адна з гераіняў фільму

Сапраўднае шчасце – гэта мядзведзя пабачыць!

Цяжка было разгаварыць беларусаў?

Калі робіш фільм пра аднаго чалавека, у нечым прасцей – усе сілы і час ідуць на тое, каб пазнаёміцца толькі з ім, каб сфарміраваліся нейкія адносіны, узніклі сімпатыя і давер. А тут, калі трэба знайсці, аб’ехаць, угаварыць здымацца сто чалавек, задаць ім, незнаёмым, якія цябе бачаць упершыню, складаныя і часта інтымныя пытанні, атрымаць цікавыя адказы, гэта можа здацца ўвогуле немагчымым.

Зразумела, некаторых мне ўгаварыць не ўдалося. Але ў цэлым, вялікіх складанасцяў не было. Існуе шмат прыёмаў, як падысці да чалавека. А часам людзі нават мяне самі знаходзілі і казалі: «Я вось хачу, каб вы са мной паразмаўлялі».

Бывала, я адчувала, што мае суразмоўцы залішне заціскаюцца. У першую чаргу, – дзеці, менавіта таму, што не ведаюць мяне блізка. У іншых выпадках, наадварот, камера дзейнічала на чалавека, як каталізатар, – што было заўважана яшчэ ў часы cinéma vérité, – то бок адкрывала нешта глыбока схаванае, змушала героя да споведзі.

Адзін з герояў фільму

Цікавыя, нечаканыя, курʼёзныя выпадкі былі? Што засталося за кадрам і чаго мы не ўбачым у фільме?

Запыталася ў аднаго старога вяскоўца, калі ён быў найбольш шчаслівы. Ён гаворыць: «Як жыў пры панскай Польшчы».

Яшчэ адзін герой на пытанне, які ў яго быў самы радасны дзень у жыцці, кажа: «Як мядзведзя спаткаў у лесе. Вядома, трохі страшна, але радасць якая вялікая – мядзведзя сустрэць у лесе!»

Вядома, калі размаўляеш з такой колькасцю людзей, міжволі нешта агульнае заўважаеш, робіш высновы, разумееш нешта. Шмат у каго са старых я выразна бачыла стары савецкі страх сказаць лішняе, яшчэ сталінская спадчына, нічога ў гэтым сэнсе не змянілася. Скажам, адзін дзед неяк мімаходзь згадаў, што служыў калісьці ў Семіпалацінску, незлічоную колькасць разоў назіраў ядравыя выбухі з адлегласці ў 1,5 кіламетра. Я стала пытацца – не для фільму, проста па-чалавечы было цікава. Дзед тут жа замоўк: «Пра такое не гавораць. Як бы з гэтага чаго для мяне не выйшла…»

Дроны лётаюць, як мухі, а тут – звычайная камера на штатыве

Чаму Вы абралі менавіта форму Кесьлёўскага?

Канешне, мяне натхніў ягоны класічны фільм, але я зусім не мела на мэце паспрабаваць дакладна скапіяваць яго.

Што датычыць формы, то мяне вельмі вабіла такая амбітная, амаль эксперыментальная задача. Хацелася свядома паспрабаваць такі архаічны, візуальна абмежаваны падыход у сучасных умовах, калі партатыўныя камеры ўмацоўваюцца на ўсё, што рухаецца, калі дроны лётаюць над усім, як мухі, і фіксуюць тое, што раней уцякала ад аб’ектыву. І вось, пры ўсім гэтым, узнікла жаданне зафіксаваць камеру на штатыве і паказаць толькі чалавечыя твары, якія гавораць і гавораць…

Глядзіце рэпартажы Вольгі Дашук на «Белсаце»:

«Абед», 2013

«Дом Сабілы», 2012

«Непамілаваны», 2011

«Тры кіламетры да неба», 2010

Размаўляла Інга Астраўцова

Стужка навінаў