Прэм'ер РФ Мядзведзеў: надзеі на паляпшэнне адносін з адміністрацыяй Трампа прыйшоў канец


Прэмʼер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што пасля падпісання прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам закона пра новыя антырасейскія санкцыі страціў надзею на паляпшэнне адносін Расеі з Белым домам.

«Па-першае, надзеі на паляпшэнне нашых адносін з новай амерыканскай адміністрацыяй – канец. Па-другое, Расеі абʼяўлена паўавартасная гандлёвая вайна», – напісаў ён у фэйсбуку.

Паводле слоў Мядзведзева, Расея за апошнія гады навучылася «вырашаць найважнейшыя дзяржаўныя задачы, разлічваючы перш за ўсё на сябе» і ва ўмовах «амаль закрытых фінансавых рынкаў» і «боязі замежных крэдытораў інвестараў укладвацца ў Расею». «Мы дамо рады», – сказаў на заканчэнне Мядзведзеў.

2 жніўня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў закон пра новыя санкцыі супраць Расеі (а таксама Ірана і КНДР), які быў падрыхтаваны і прыняты амерыканскім Кангрэсам. Акрамя ўзмацнення ўласна антырасейскіх санкцый, дакумент забараняе прэзідэнту ЗША адмяняць санкцыі без узгаднення з Кангрэсам.

Пасля прыняцця законапраекта абедзвюма палатамі Расея запатрабавала ад ЗША скараціць штат супрацоўнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў у РФ да 455 чалавек (скарочаныя будуць 755 чалавек). Акрамя таго, ЗША пазбавілі пасольскай дачы і склада ў Маскве.

КА, belsat.eu, паводле meduza.io

Стужка навінаў