Прэм'ер Польшчы: цягам бліжэйшых дзён мы агучым план дапамогі Польшчы для Беларусі


Пасля сустрэчы з фракцыямі ў Сэйме прэм’ер Матэвуш Маравецкі сказаў, што ўсе без выключэння назвалі найбольшай каштоўнасцю суверэнітэт і незалежнасць Беларусі. – Мы сцвердзілі, што вакол найважнейшых для Айчыны пытанняў можна будаваць кансэнсус, – падкрэсліў ён.

– Мы разам заклікаем вызваліць усіх палітвязняў, рашуча заклікаем вызваліць арыштаваных чальцоў Каардынацыйнай Рады, – сказаў Матэвуш Маравецкі. – Недапушчальна, каб людзей, якія выступаюць за свабоду, за дэмакратыю і суверэнітэт Беларусі, зачыняў у турмах Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік ураду Польшчы паабяцаў, што ўжо ў бліжэйшыя дні будзе прадстаўлены каляндар дзеянняў па аказанні польскай дапамогі Беларусі. Маравецкі таксама заявіў пра панадпартыйную сустрэчу польскіх еўрапарламентарыяў з усіх фракцый у пытанні Беларусі і ўласную размову пра сітуацыю ў Беларусі, якую мае намер правесці яшчэ сёння з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель. У гутарцы польскі прэмʼер таксама хоча закрануць тэму санкцый супраць уладаў у Менску. Маравецкі падкрэсліў, што знаходзіцца ў сталым кантакце з прэмʼерамі краін Вышаградскай групы.

– Гэта размовы, якія мусяць прыцягнуць увагу да Беларусі. Я вельмі рады, што мы робім гэта сінхронна з нашымі літоўскімі сябрамі, якія граюць тут вельмі пазітыўную ролю, – дадаў ён.

Польскі Прэм’ер Матэвуш Маравецкі.
Фота: Аляксей Вітвіцкі / Forum

– Што тычыцца санкцый, то мы гаворым пра санкцыі ў еўрапейскім фармаце, і таксама хочам, каб яны былі сурʼёзнымі, каб да іх сурʼёзна паставіўся Аляксандр Лукашэнка. Таму забарона ўезду на тэрыторыю Еўразвязу для дваццаці ці трыццаці чалавек – гэта недастаткова. Мы будзем размаўляць, хоць бы сёння падчас маёй размовы з канцлерам Мэркель я ўздыму пытанне санкцыяў, – заявіў Маравецкі.

Матэвуш Маравецкі таксама заявіў, што некалькі дзясяткаў «вельмі моцна пацярпелых ад рэжыму Лукашэнкі» знайшлі дапамогу на тэрыторыі Польшы без віз. Ён таксама паабяцаў, што сустрэчы з прадстаўнікамі парламенцкіх групаў працягнуцца да таго часу, «пакуль сітуацыя ў Беларусі будзе гэтага патрабаваць».

– Мы ўжо дамовіліся, але ў даволі эластычным календары, бо падзеі ў Беларусі могуць адбывацца вельмі хутка – як у пазітыўным накірунку, чаго б мы ўсе хацелі, гэтак і ў негатыўным, – сказаў Маравецкі.

Пратэст на плошчы Незалежнасці. 26 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Belsat.eu

Ён адзначыў, што ў абодвух гэтых выпадках наступная сустрэча можа адбыцца нават на працягу 7-10 дзён. У цэлым, – адзначыў Маравецкі, – сустрэчы з удзелам і палітыкаў апазіцыі будуць праходзіць раз у два-тры тыдні.

Узгадаўшы суму 50 млн, пра выдзяленне якой у рамках дапамогі Беларусі ён абвясціў 14 жніўня, Маравецкі сказаў, што грошы пойдуць, між іншага, у такія ўстановы як Беларускі дом, ці іншыя, якія займаюцца беларускай тэматыкай – напрыклад, тэлебачанне «Белсат».

Абнаўляецца
Прэм’ер-міністр Польшчы Маравецкі: Польшча выдзеліць на дапамогу Беларусі 50 мільёнаў злотых
2020.08.14 21:12

cez/ВГ belsat.eu паводле PAP

Стужка навінаў