Прэм’ер-міністры Расеі і Беларусі сустрэнуцца 6 снежня


Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў сустрэнуцца 6 снежня ў Сочы, паведамляе прэсавая служба Саўміну.

Напярэдадні прэмʼер-міністры размаўлялі па тэлефоне. Кіраўнікі ўрадаў абмеркавалі некаторыя моманты, якія тычацца ўзгаднення дарожных мапаў інтэграцыі.

20 дарожных мапаў з 31 ўзгодненыя

Раней, з вуснаў беларускага амбасадара ў Расеі Уладзіміра Сямашкі прагучала, што прэмʼер-міністры ўзгаднілі 20 дарожных мапаў з 31. Пры гэтым застаюцца пытанні, якія могуць вырашыць толькі кіраўнікі краінаў. У прыватнасці кошты на газ у наступным годзе, а таксама не ўзгодненыя мапы ў энергетычнай сферы.

Уладзімір Сямашка таксама распавёў, што Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся пра стварэнне агульнага ўраду і парламента. Пазней у Маскве заявілі, што словы амбасадара не адпавядаюць рэчаіснасці і нібыта вырваныя з кантэксту.

Змест дакументаў па інтэграцыі грамадскасці невядомы

Варта адзначыць, што грамадскасці невядомыя планы ўрадаў па інтэграцыі. Афіцыйна яны не агучваюцца. У сваю чаргу блогер NEXTA апублікаваў дарожныя мапы па сельскай гаспадарцы і абяцае апублікаваць наступныя.

«Ходзяць чуткі пра агульную валюту, агульныя Нацбанкі, агульныя падаткі, агульную мытню, агульную мяжу, агульны парламент і нават агульнага прэзідэнта. Вельмі хацелася б іх абвергнуць і зусім не хацелася б пацвярджаць», – напісаў блогер NEXTA.

Афіцыйна агучваецца, што кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падпішуць праграму па інтэграцыі 8 снежня. Але ці адбудзецца ў гэты дзень сустрэча – невядома. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў агучыў, што сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў мае адбыцца да канца бягучага года.

У сваю чаргу дэмакратычная апазіцыя заклікае беларускія палітычныя сілы аб’яднацца і ладзіць масавыя акцыі супраць інтэграцыйных дамоваў Беларусі і Расеі. Рух Салідарнасці «Разам» прапаноўвае пратэставаць не толькі на вуліцы, але і фінансава – арганізаваць нявыплату падаткаў і збораў.

«Ужо і інтэграцыя не патрэбная». Крэмль можа павысіць цану на газ

 

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары