Прэм'ер-міністр Польшчы Маравецкі: Польшча выдзеліць на дапамогу Беларусі 50 мільёнаў злотых


Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі агучыў Сейму план урада па дапамозе Беларусі і рэпрэсаваным беларусам. На гэтыя мэты Польшча выдзеліць 50 мільёнаў злотых (13 445 165 долараў). Ён таксама заклікаў беларускія ўлады разгледзець пытанне пра новыя выбары.

У сітуацыі ў Беларусі нельга быць абыякавым

«Я прапанаваў нашым партнёрам у ЕЗ сабрацца на пазачарговае паседжанне Еўрапейскай рады па сітуацыі ў Беларусі. Усё больш заходніх краінаў згаджаюцца з гэтай прапановай. У выпадку з Беларуссю нельга насіць маску абыякавасці або нейтралітэту», – заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі ў Сейме.

Кіраўнік урада выказаўся з парламенцкай трыбуны пра сітуацыю ў Беларусі. Ён падкрэсліў, што Польшча – калыска салідарнасці і што сёння салідарнасць не дазваляе нам прасці міма таго, што адбываецца ў Беларусі. Ён сказаў, што ў Беларусі зараджаецца вялікі энтузіязм, каб пабудаваць грамадзянскую супольнасць і дамагчыся дэмакратыі.

«Мы хочам дапамагчы ў гэтых намаганнях», – падкрэсліў ён.

Прэм’ер Польшчы Маравецкі агучыў план дапамогі Беларусі.
Фота: Сейм Польшчы

Прэм’ер-міністр нагадаў, што ў ХІХ стагоддзі абедзве дзяржавы змагаліся за свабоду разам са сваймі літоўскімі братамі. Іх абʼядноўвала не толькі культурніцкая блізкасць, сувязі, але і агульнае імкненне да свабоды. Ён нагадаў, што Лех Качыньскі заўсёды сцвярджаў, што роля Польшчы заключаецца ў заступніцтве за ўсходніх партнёраў, такіх як Украіна, Літва, Грузія ці Беларусь, калі іншыя краіны не выступілі.

«Калі мы не зробім ніякіх захадаў салідарнасці з боку Еўропы, мы пакажам суседзям, што ў часы небяспекі кожны можа разлічваць толькі на сябе. Гэта наша салідарнасць?» – адзначыў Маравецкі.

План дапамогі Беларусі

Кіраўнік Польскага ўраду агучыў галоўныя моманты праграмы дапамогі, якую можа можа аказаць грамадству Беларусі і рэпрэсаваным. Паводле яго словаў, без бяспекі нашага суседа – Беларусі, няма поўнай бяспекі для Польшчы і Еўропы.

«Мы адкрылі для Беларусі свае сэрцы, але хочам адкрыць свае межы і ўніверсітэты», – заявіў ён.

Маравецкі падкрэсліў, што Польшча хоча паказаць, што «беларускае грамадства не ў адзіноце супраць арганізаванага апарату рэпрэсіяў, які мы асуджаем».

Першыя два пункты плану – гэта падтрыманне рэпрэсаваных, звольненых, збітых і параненых, а таксама стыпендыяльная праграма для студэнтаў і навукоўцаў. Прэм’ер-міністр заявіў, што краіна будзе пашыраць польскую і амерыканскую праграму дапамогі пацярпелым.

«Польшча можа стаць другім домам для рэпрэсаваных і пацярпелых беларусаў», – падкрэсліў прэмʼер Польшчы.

Польшча таксама прапануе праграму стыпендыяў для студэнтаў, навукоўцаў, якія трапілі пад рэпрэсіі з боку беларускіх універсітэтаў.

«Ім дамо магчымасць вучыцца і працаваць у Польшчы», – запэўніў кіраўнік урада.

Ён сказаў, што, хоць невядома, колькі такіх людзей будзе, мы хочам даць ім магчымасць прыехаць у Польшчу, развівацца і жыць тут.

50 мільёнаў злотых на дапамогу

У рэзалюцыі, прынятай у пятніцу, Сейм асудзіў выкарыстанне ўладамі Аляксандра Лукашэнкі жорсткага гвалту і масавых рэпрэсіяў і запатрабаваў ад ураду хутка прымаць уцекачоў з Беларусі. Сейм таксама заклікаў Еўрапарламент, Раду Еўропы і Еўракамісію прыняць рашучыя захады.

Маравецкі падзякаваў Сенату Польшчы, «за рэзалюцыю, якая адназначна пацвярджае падтрыманне Польшчы свабодным памкненням грамадзянаў Беларусі».

«Грамадзянам Беларусі сёння не патрэбныя пустыя запэўніванні, але канкрэтныя факты. І Польшча прапаноўвае канкрэтны план салідарнасці з Беларуссю. Мы плануем вылучыць 50 мільёнаў злотых на рэалізацыю гэтай праграмы на першым этапе, акрамя сродкаў, якія ўжо выдзяляюцца на розныя праграмы, напрыклад, на «Белсат», сказаў ён.

Фота
Польскі Сейм асудзіў гвалт Лукашэнкі і заклікаў прымаць уцекачоў з Беларусі
2020.08.14 20:09

«Я не сумняюся, што чым мацнейшая, дэмакратычная і незалежная Беларусь, тым у большай бяспецы Польшча. Мы катэгарычна адпрэчваем бездапаможнасць і пустыя захады, якія робяць некаторыя міжнародныя інстытуты. Мы хочам аказаць рэальнае падтрыманне і стаць сапраўдным партнёрам для Беларусі. Нашыя захады, якія датычацца Польшчы і Еўразвязу, ніякім чынам не будуць палітычным умяшаннем ва ўнутраныя справы нашага суседа. Іншыя краіны не могуць навязваць беларускім грамадству пэўныя палітычныя або сістэмныя праекты, але мы можам і павінны працягваць руку дапамогі беларусам, і гэта мы робім», – падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Ён таксама сказаў, што «толькі самыя беларусы маюць права прымаць рашэнне аб будучыні Беларусі, а нашая роля заключаецца ў тым, каб яны маглі скарыстацца гэтым правам».

«Таму сёння мы заклікаем беларускія ўлады правесці чарговыя свабодныя выбары. Гэтыя выбары павінныя быць сумленнымі і сапраўднымі, пераважна з удзелам міжнародных назіральнікаў. Бязлітасны пэндзаль гісторыі шмат разоў праходзіў па беларускіх землях, але ён не змог знішчыць яго найвялікшы скарб, адважных, цярплівых, настойлівых людзей, якія жадаюць нармальнага і добрага жыцця. Польшча хоча паспрыяць поспеху Беларусі, нашага блізкага суседа. Няхай жыве свабодная і дэмакратычная Беларусь! Няхай жыве вольны і ганарлівы беларускі народ!» – сказаў Маравецкі.

Hавiны
Мапа пратэсту 14 жніўня. Хто выйшаў за адстаўку Лукашэнкі?
2020.08.14 21:05

ПЯ belsat.eu паводле PAP

Стужка навінаў