Прэм’ер-міністр Кабякоў паабяцаў прадпрымальнікам падтрымку ад ураду


Улады прыдумалі новы спосаб выцягнуць грошы з ІП?

Урад Беларусі «будзе і далей усяляк падтрымліваць прадпрымальніцтва», заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на адкрыцці VII Міжнароднага форуму прадпрымальніцтва, які праходзіць у Менску.

«Роля прадпрымальніцтва ў нацыянальнай эканоміцы, стварэнні новых працоўных месцаў і ўстойлівым сацыяльным развіцці высокая», – сказаў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго, урад вельмі зацікаўлена ў развіцці малога і сярэдняга бізнесу.

«У гэтым сектары працуе траціна ўсіх занятых у эканоміцы. Гэта ўжо нямала. Але патэнцыял для далейшага развіцця і росту велізарны, і мы маем намер яго выкарыстоўваць», – адзначыў Андрэй Кабякоў.

Раней пра разнявольванне бізнесу заявіў віцэ-прэм’ер Беларусі Васіль Мацюшэўскі, паводле якога, 8 з 10 дакументаў у гэтай сферы «ужо падпісаныя». У «Гарачым каментары» шэф-рэдактар выдання «Экономическая газета» Леанід Фрыдкін сказаў, што не верыць у абяцанні віцэ-прэмʼера.

«Узгадайце дырэктыву № 4, у якой абяцалася поўнае і бясспрэчнае разнявольванне, зняцце барʼераў і лібералізацыю. Прайшло некалькі гадоў і цяпер даводзіцца пачынаць усё наноў», – заўважыў Леанід Фрыдкін.

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў