Прэмʼер-міністр Беларусі: не выкананыя 5 з 9 найважнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны


Андрэй Кабякоў патлумачыў эканамічны правал залежнасцю беларускай эканомікі ад вонкавай канʼюнктуры.

У 2015 годзе не выканалі пяці з дзевяці найважнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця: росту ВУП, прадукцыйнасці працы, экспарту і рэальных прыбыткаў насельніцтва, а таксама будаўніцтва жылля з дзяржаўным падтрыманнем. Пра гэта прэмʼер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў 20 лютага на паседжанні ўраду.

«У першую чаргу, нам не ўдалося забяспечыць запланаваную дынаміку ў галінах і эканоміцы агулам, – заявіў Кабякоў. – У параўнанні з узроўнем 2014 года зменшыліся аб’ёмы прамысловай вытворчасці, будаўніцтва, сельскагаспадарчай вытворчасці, гандлю».

У сувязі з гэтым ёсць сурʼёзныя пытанні да працы галіновых міністэрстваў, падкрэсліў прэмʼер. Па выніках 2015 года Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва выканала толькі адзін з 14 пазнікаў, Міністэрства прамысловасці – 2 з 12, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ды канцэрн «Беллеспаперапрам» – 2 з 10. Канцэрн «Беллёгпрам» не выканаў ніводнага.

Падобная сітуацыя і ў рэгіёнах. Толькі Магілёўская вобласць датрымала палову прыведзеных паказнікаў. «У астатніх рэгіёнах і Менску і гэтага няма, Гарадзенская вобласць забяспечыла выкананне толькі чвэрці паказнікаў», – заявіў Кабякоў.

Як паведаміў прэмʼер, у Беларусі выканалі планы ў індэксе спажывецкіх цэнаў, энергаёмістасці ВУП, рэнтабельнасці продажу ў прамысловасці, вонкавагандлёвым сальда да ВУП.

Паводле ўраду ў 2015-м палепшылася сітуацыя з плацежным балансам краіны – дэфіцыт рахунку бягучых аперацый плацежнага балансу за 11 месяцаў 2015 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года скараціўся прыкладна на $ 2,4 млрд – з 5,8 да 3,1 % ВУП. «Гэта таксама вельмі добры якасны вынік», – падкрэсліў ён.

Паводле яго слоў, жорсткая манетарная палітыка, кантроль над грашовай прапановай дазволілі ўтрымаць інфляцыю ў запланаваных межах: рост коштаў не перавысіў 12 %, гэта мінімальнае значэнне за апошнія пяць гадоў.

Таксама, мяркуе Кабякоў, забяспечана стабільнасць на спажывецкім рынку.

«Няхай і павольна, але адначасова са зніжэннем інфляцыі зменшыліся і адсоткавыя стаўкі на крэдыты, – канстатаваў ён. – Пакуль недастаткова, але тым не менш, за годстаўку на новыя крэдыты ў нацыянальнай валюце без уліку льготных знізілі практычна на 10 % – з 43,5 % гадавых у студзені 2015 года да 34,2 % гадавых у студзені 2016 года».

Паводле прэмʼера, вонкавыя рынкі працягваюць сціскацца, нафта зноў упала ў кошце, а следам за ёй дэвальвуюцца і нацыянальныя валюты асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі, што не можа не адбіцца на ўзаемным гандлі. У такіх умовах, адзначыў прэмʼер, захоўваецца агульная тэндэнцыя – зніжэнне попыту на складанатэхнічную, інвестыцыйную прадукцыю на традыцыйных для Беларусі рынках.

«У выпадку захавання гэтых тэндэнцыяў цягам 2016 года мы будзем змушаныя рабіць энергічныя крокі для бюджэтнай кансалідацыі, мы сурʼёзна перагледзелі бягучыя капітальныя выдаткі бюджэту».

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by

Стужка навінаў