Прэм’ер Грузіі падаў у адстаўку праз «Facebook»


Мамука Бахтадзэ.
Фота: facebook.com/bakhtadzemamuka/

Прэм’ер-міністр Грузіі Мамука Бахтадзэ падае ў адстаўку. Пра гэта ён заявіў у «Facebook’у». Свой учынак палітык патлумачыў «абаронай інтарэсаў» краіны.

«Нашай галоўнай задачай было вывесці адносіны з ЗША, Еўразвязам і НАТО на якасна новы ўзровень і прадставіць рост стратэгічнай ролі Грузіі ў рэгіёне; я хацеў бы з гонарам адзначыць, што сёння гэтыя адносіны знаходзяцца на самай высокай гістарычнай адзнацы», – падкрэсліў прэмʼер-міністр.

Ён нагадаў, што Грузія падпісала з ЕЗ дамову аб асацыяцыі, пагадненне аб глыбокай і ўсёабдымнай зоне свабоднага гандлю (DCFTA) з ЕЗ ды спрасціла візавы рэжым.

Hавiны
Грузія працягне інтэграцыю ў НАТО і Еўразвяз
2018.11.01 09:28

«Сёння Грузія бліжэй да еўрапейскай сямʼі, чым калі-небудзь», – заявіў Бахтадзэ.

Разам з тым прадстаўнікі апазіцыі інакш глядзець на часы прэм’ерства Бахтадзэ. Гэтак, лідар партыі «Еўрапейская Грузія» Давід Бакрадзэ адзначыў, што сённяшні ўрад запомніўся перадусім абясцэньваннем нацыянальнай валюты, ростам цэнаў і дзяржаўных выдаткаў, масавымі пратэстамі, паведамляе «Грузия online».

Былы міністр абароны Грузіі Ціна Хіташэлі назвала Бахтадзэ першым прэмʼер-міністрам, «які прыйшоў і пайшоў так, што людзі нават не змаглі запомніць яго імя і прозвішча». Пра «незразумелую дзейнасць» дзейнага прэм’ера заявіў і лідар «Руху будаўніцтва» Давід Усупашвілі.

Hавiны
У Грузіі адхілілі ад працы дзесяць паліцыянтаў, што ўдзельнічалі ў жорсткім разгоне пратэстоўцаў
2019.06.24 17:09

Нягледзячы на сыход з пасады кіраўніка ўраду, Бахтадзэ застанецца чальцом каманды кіроўнай партыі «Грузінская мара». У сваю чаргу лідар парламенцкай большасці Георгій Вольскі паведаміў, што кандыдатуру новага прэмʼер-міністра Грузіі назавуць 3 верасня пасля пасяджэння палітрады кіроўнай партыі.

Парламент зацвердзіў Мамука Бахтадзэ на пасадзе прэмʼер-міністра 20 чэрвеня 2018 года. З 13 лістапада 2017 года па 20 чэрвеня 2018 года ён быў міністрам фінансаў Грузіі, а да таго ўзначальваў Грузінскую чыгунку.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў