Праз відэа з выбачэннямі падлетка перад скульптурай звольнілі прэс-сакратара МУС


Розныя крыніцы адначасова паведамілі пра звальненне Георгія Яўчара.

Інфармацыя пра кіраўніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі знікла з афіцыйнага сайта ведамства.

Ёсць інфармацыя, што звальненне звязана з відэа, дзе 16-гадовы хлопец выбачаецца перад скульптурай «Менскага гарадавога».

Belsat.eu паспрабаваў звязацца з намеснікам начальніка прэс-службы ведамства Віктарам Новікавым, аднак ён не здымае слухаўку.

У каментары «Нашай Ніве» Яўчар сказаў, што цяпер знаходзіцца ў адпачынку, пасля выхаду з якога будзе зразумела, ці працягне ён службу ў МУС. Паводле крыніцы nn.by, «падлетак рэальна існаваў, але ідэя зрабіць з гэтага спектакль прыйшла менавіта прэс-сакратару. Гэтае відэа і наступныя рэакцыі раз’юшылі міністра Шуневіча».

Пазней Яўчар напісаў у Facebook’у, што сышоў добраахвотна і свядома, маўляў, у сувязі з поўнаю выслугаю гадоў.

Пасаду начальніка прэс-службы МУС Георгій Яўчар узначаліў прэс-службу МУС 7 сакавіка 2018 года, замяніўшы на гэтай пасадзе Канстанціна Шалькевіча. Да гэтага ён быў намеснікам прэс-сакратара, а раней узначальваў прэс-службу УУС Гродзенскага аблвыканкаму.

Дарэчы Канстанціна Шалькевіча і прэс-сакратара ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандра Ластоўскага звольнілі ў адзін дзень. На якіх пасадах яны працуюць цяпер, невядома. Пра прычыны іх звальнення таксама афіцыйна не паведамлялася.

Гісторыя з плескачом скульптуры гарадавому ўскалыхнула інтэрнэт. Карыстальнікі сацыяльных сетак пачалі флэш-моб з выбачэннямі перад помнікамі, якія яны калісьці маглі «пакрыўдзіць».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў