Праз польскія яблыкі Расея можа заблакаваць да двухсот беларускіх сайтаў


«Раскамнагляд» заблакуе доступ да сайту беларускай фірмы, што пастаўляе гародніну і садавіну, з-за інфармацыі пра польскія яблыкі. Але праз тэхнічныя асаблівасці заблакаванымі могуць аказацца дзясяткі беларускіх рэсурсаў. Пра гэта belsat.eu распавяла Вольга Кірушкіна – аператарка платформы «Nestorclub», на якой працуюць гэтыя сайты.

У датацентр, дзе размешчаны сайт, прыйшоў ліст з «Раскамнагляд». У ім паведамляецца, што адна са старонак сайта менскай фірмы «КамгориС» (займаецца імпартам-экспартам гародніны і садавіны) унесена ў рэестр інтэрнэт-старонак, што змяшчаюць інфармацыю, распаўсюд якой у Расеі забаронены. Доступ да яе будзе абмежаваны.

Гаворка ідзе пра старонку, дзе размешчана інфармацыя пра польскія яблыкі.

Скрыншот старонкі, што змяшчае інфармацыю, распаўсюд якой у Расеі забаронены

У рэестр «Раскамнагляд» старонку ўнеслі на падставе рашэння Кастрычніцкага суду Архангельску ад 24 красавіка 2019 года. Нагадаем, у Расеі дзейнічае эмбарга на заходнія прадукты, у тым ліку на польскія яблыкі – яны лічацца санкцыйным таварам.

Аднак праз тэхнічныя асаблівасці пацярпець можа не толькі «КамгориС».

«Спіс старонак, што з’яўляюцца непажаданымі для Расеі, рассылаецца ўсім правайдарам сувязі і яны мусяць заблакаваць гэтыя адрасы любымі сродкамі, якія яны маюць. Тыя правайдары, якія маюць старое абсталяванне, могуць блакаваць не адну старонку, а ўвесь ІР-адрас – гэта ім зрабіць больш зручна. Аднак у нас на гэтым ІР-адрасе парадку 200 сайтаў», – адзначыла Вольга Кірушкіна.

У ліку 200 рэсурсаў – дзясяткі сайтаў бізнес-кампаніяў, якія не маюць дачынення да польскіх яблыкаў. На дадзены момант старонка «КамгориС» ужо ўнесены ў «чорны спіс», але блакаванне на тэрыторыі Расеі яшчэ не пачалося. У сваю чаргу платформа Nestorclub прымае меры, каб вывесці з-пад удару іншых сваіх кліентаў.

«На дадзены момант мы плануем выдзеліць для гэтага кліента асобны ІР-адрас, каб у самым горшым выпадку яны блакавалі адрас толькі аднаго нашага кліента», – кажа Вольга.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў