Праз пенсійную рэформу рэйтынг Пуціна ўпаў да «дакрымскага ўзроўню»


Расейскія сацыёлагі зафіксавалі істотнае падзенне рэйтынгаў Уладзіміра Пуціна і расейскага ўраду. Прычына – у вельмі непапулярнай сярод расейскіх грамадзянаў пастанове павысіць пенсійны ўзрост.

Паводле Фонду «Грамадская думка», рэйтынг Пуціна знізіўся з 62% да 54% і цяпер знаходзіцца на самым нізкім узроўні з 2013 года. Узровень адабрэння працы ўраду дасягнуў самага нізкага ўзроўню наогул з 2009 года – амаль палова расейцаў лічыць працу ўраду Дзмітрыя Мядзведзева кепскай.

Паводле дзяржаўных сацыяёлагаў з ВЦИОМ, усяго за тыдзень узровень адабрэння дзейнасці Пуціна ўпаў з 77% да 72%. Узровень адабрэння працы Дзмітрыя Мядзведзева – з 41,7% да 38,5%.

На думку аналітыкаў, асноўны фактар падзення рэйтынгу – прапанова расейскіх уладаў павялічыць пенсійны ўзрост з 60 да 65 гадоў для мужчын і з з 55 да 63 гадоў для жанчын. Інфармацыя аб пенсійнай рэформе выклікала незадаволенасць не толькі пазасістэмнай апазіцыі і прафсаюзаў, але і прапуцінскіх партыяў. Апазіцыйны палітык Аляксей Навальны і прафсаюзы заклікалі выходзіць на мітынгу пратэсту.

Нагадаем, у Беларусі са студзеня 2017 года пачалося паэтапнае павышэнне пенсіённага ўзросту. Кожны год неабходны ўзрост будзе павышацца на паўгода. У выніку, у 2022 годзе мужчыны будуць выходзіць на пенсію ў 63 гады, жанчыны – у 58 (на дадзены момант гэта 61 і 56 гадоў адпаведна).

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў