Праз пагаршэнне сітуацыі з COVID-19 у Іўеўскім раёне ўвялі абавязковае нашэнне масак


Дзяржаўная газета «Іўеўскі край» паведамляе, што ў Іўеўскім раёне ўведзена абавязковае выкарыстанне масак у грамадскіх месцах.

У артыкуле мясцовага выдання адзначаецца, што Іўеўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі «ў сувязі з пагаршэннем эпідэміялагічнага становішча ў Іўеўскім раёне па каронавіруснай інфекцыі», у чарговы раз інфармуе насельніцтва аб неабходнасці сацыяльнага дыстанцыянавання, мінімізацыі кантактаў, нашэння сродкаў індывідуальнай абароны ў месцах масавага збору людзей. Таксама паведамляецца, што зацверджаны план дадатковых захадаў па мінімізацыі рызыкі завозу і распаўсюджвання COVID-19 у Іўеўскім раёне.

«Звяртаем увагу, што ўведзена абавязковае выкарыстанне насельніцтвам сродкаў індывідуальнай абароны органаў дыхання (маскі) у грамадскіх месцах. Кіраўнікам суб’ектаў гаспадарання будзе забаронена абслугоўванне наведнікаў, якія не выкарыстоўваюць маскі», – піша газета.

Таксама ўведзена абмежаванне колькасці наведнікаў у гандлёвых абʼектах, абʼектах грамадскага харчавання, аптэках, аддзяленнях банкаў, сувязі, пошты ў мэтах сацыяльнага дыстанцыянавання.

«Іўеўскі край» – дзяржаўная газета, яе заснавальнікам зʼяўляецца мясцовы райвыканкам. Пры гэтым на сайце райвыканкаму і Іўеўскага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі нічога не паведамляецца пра пагаршэнне сітуацыі з каронавірусам і пра абавязковае нашэнне масак.

  • Паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі па дзень 27 траўня зарэгістравана 38 956 выпадкаў каронавіруса. 214 пацыентаў з COVID-19 памерлі. Статыстыку па рэгіёнах Мінздароўя ўжо даўно не публікуе.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў