Праз новы вірус улады Кітаю спынілі ўвесь грамадскі транспарт у горадзе Ўу-Хане


Кітайскія ўлады абмежавалі выезд з гораду Ўу-Хань правінцыі Ху-Бэй, дзе была зафіксаваная ўспышка смяротнага каронавірусу. Пра гэта паведамляюць дзяржаўныя СМІ Кітаю.

З 10:00 23 студзеня спыняе працу ўвесь грамадскі транспарт: чыгуначныя вакзалы, аэрапорт, аўтобусы, метро, маршруткі і паром. Мэта – не дапусціць распаўсюджванне віруса. Пры гэтым не ўдакладняецца, ці магчыма будзе выехаць з гораду асабістым транспартам.

Паводле Бі-Бі-Сі, улады Кітая параілі грамадзянам пазбягаць натоўпаў і не ездзіць ва Ўу-хань, а тым, хто ўжо там, нікуды не з’язджаць.

Сімптомы каронавірусу падобныя да грыпавых – павышаная тэмпература, кашаль, цяжка дыхаць. Новы каронавірус 2019-nCoV выклікае пнеўманію ды ўскладненні, ад якіх памерлі прынамсі 17 чалавек. Паводле кітайскіх уладаў, хваробаю заразіліся больш за 400 чалавек, аднак замежныя навукоўцы лічаць гэтыя звесткі заніжанымі. Галоўная небяспека вірусу: ён перадаецца паветрана-кропельным шляхам ад чалавека да чалавека, а таксама адаптуецца і мутуе.

Эпіцэнтр вірусу – горад Ўу-Хань правінцыі Ху-Бэй. Выпадкі заражэння зафіксавалі ўжо ў Паўднёвай Карэі, Японіі, Тайландзе і ЗША.

 

Аб’ектыў
Ці пагражае жыццю беларусаў смяротны вірус з Кітаю?
2020.01.22 22:57

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў