Праз Лукашэнку візавае пагадненне паміж Беларуссю і ЕЗ можа затрымацца


Ёганэс Ган еўрапейскі камісар у пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства. Фота belsat.eu

Падчас візіту ў Менску кіраўніцы еўрапейскай дыпламатыі Фэдэрыкі Магерыні планавалася абмеркаваць пытанні ўзаемадзеяння Беларусі і ЕЗ. Але праз адсутнасць кіраўніка Беларусі сустрэча была адмененая. Цяпер жа вырашаць гэтыя пытанні давядзецца іншым людзям.

«У дачыненні да Беларусі я быў упэўнены, што мая калега, спадарыня Магерыні, будучы ў Беларусі ў гэтыя дні працягне перамовы, але, на жаль, візіт не адбыўся, бо прэзідэнт Беларусі таксама знаходзіцца не ў краіне. Але я спадзяюся, што візавае пагадненне будзе падпісана, як і пагадненне аб прыярытэтах партнёрства паміж ЕЗ і Беларуссю», – цытуе еўракамісара у пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства Еўразвязу Ёганэса Гана тэлеканал АНТ.

Цяпер, хутчэй за ўсё, подпісы на гэтых доўгачаканых дакументах будуць ставіць іншыя людзі, бо зараз у ЕЗ фармуецца новы склад Еўракамісіі.

4–5 кастрычніка ў Менску планавалася сустрэча высокага ўзроўню ў межах «Усходняга партнёрства». Але пасля стала вядома, што ў Менск не прыедуць кіраўнікі вонкавапалітычных ведамстваў Еўразвязу, Літвы і Польшчы. Адна з прычынаў гэтага была ў тым, што Аляксандр Лукашэнка 4 кастрычніка ў Жытоміры якраз сустракаўся з прэзідэнтам Украіны.

У МЗС Беларусі заявілі, што сустрэча была не адмененая, а перанесеная. Але канкрэтныя тэрміны пераносу не называюцца. Між тым з лютага 2020 года для беларусаў могуць істотна падаражэць шэнгенскія візы, калі Менск і Брусель не паспеюць падпісаць дамову пра спрашчэнне візавага рэжыму.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў