Праз каронавірус у свеце выраслі ксенафобія і расізм


Турыстка ў масцы на Краснай плошчы. Фота Sergei Bobylev / TASS / Forum

Ва ўсім свеце растуць страты турыстычнай галіны праз тое, што Кітай увёў абмежаванні на перамяшчэнне грамадзянаў краіны паветраным і наземным транспартам. Але да гэтага дадаецца і рост «чайнафобіі». У многіх краінах свету з’яўляюцца паведамленні пра забарону на наведванне ўстановаў кітайцамі.

Найбольш моцна адсутнасць кітайскіх турыстаў адчулі ў Тайландзе. Галоўны курортны горад Паттая цяпер амаль пусты. На сайце forum.thaivisa.com апісваецца, што, нягледзячы на цудоўнае надвор’е, тут практычна няма турыстаў. Раней тут адпачывалі кітайцы. Цяпер кавярні зачыненыя, гатэлі пустыя. Горад стаў прывідам.

У расейскіх сацсетках людзі таксама апісваюць уражанні, што Масква і Санкт-Пецярбург істотна змяніліся.

«Няма натоўпаў кітайцаў. Не, супраць кітайцаў я нічога не маю. Але мы да іх ужо прызвычаіліся. Прывыклі, што групы з 30-50 чалавек на кожным куце, да незразумелых галасоў у «Траццякоўцы»« і «Расейскім»музеі, да шолаху фольгі ў самалёце з боку суседзяў-грамадзянаў з Паднябеснай, якія з апетытам і шумам уплятаюць тое, што прынеслі з сабою на борт», – піша ў сетцы «Вконтакте» Ігар Фэдэнка.

Праз новы каронавірус без працы засталіся турыстычныя фірмы ў Мурманску, якія арганізоўвалі туры кітайцаў у расейскі горад, паведамляе партал severpost. Страты Мурманскага гатэлю склалі паўтары мільёны рублёў (каля 24 тысячаў долараў ЗША).

Рост «чайнафобіі» у свеце

Разам са стратамі ў розных сферах гаспадаркі па ўсім свеце расце ксенафобія ў дачыненні да кітайцаў. На «Вікіпедыі» нават зʼявілася асобная старонка, прысвечаная гэтай праблеме.

У свеце зафіксаваныя дзясяткі выпадкаў, калі медыі ці людзі ў сацсетках выказваюць антыкітайскія настроі. Гэтак, у Канадзе створаная інтэрнэт-петыцыя з заклікам забараніць кітайскім студэнтам навучацца ў краіне. Кіраўніцтва краіны асудзіла гэтыя захады, а прэмʼер-міністр Канады жорстка асудзіў расізм.

У Паўднёвай Карэі даволі распаўсюджаныя шыльды, на якіх напісана, што ўваход кітайцам забаронены.

Надпіс на шыльдзе забараняе уваход кітайцам.
Фота: vk.com

Антыкітайскія настроі праяўляюцца ў Еўропе. У Італіі выданне «La Republicca» паведаміла, што дырэктар рымскай кансерваторыі Раберта Джуліані прыпыніў заняткі ўсіх усходніх студэнтаў (кітайскіх, карэйскіх, японскіх і г. д.) з-за эпідэміі, хаця большасць студэнтаў – мігранты другога пакалення.

Французская газета «Le Courrier Picard» змясціла фота азіяцкай жанчыны ў масцы на сваёй галоўнай старонцы пад загалоўкам «Жоўтая пагроза». У адказ азіяцкія французы распачалі акцыю з гэштагам #JeNeSuisPasUnVirus (#IAmNotaVirus) – «я не вірус».

У Расеі распаўсюджваюцца ў сацсетках вокладкі, на якіх адлюстравана, што з сябраў выдаляюцца кітайцы.

Фота: VK.com

Есць выпадкі ксенафобіі і ў Беларусі. Гэтак, у сацсетках распаўсюджваецца паведамленне пра тое, што нібыта створаная петыцыя з заклікам забараніць уезд кітайцам у Беларусь пакуль не скончыцца эпідэмія каронавірусу.

Фота: VK.com

Ксенафобія – праблема неадукаванасці

«Некалькі дзён таму быў выпадак, калі мая жонка ішла па вуліцы і пабачыла, як кітайцу стала кепска. Ён млосна сябе адчуў пасля кавярні і ніхто не хацеў падыходзіць да чалавека. Мала таго, некаторыя нават пагражалі выклікаць міліцыю. Насамрэч, такое стаўленне, сінафобія – гэта не толькі абумоўленае каронавірусам [сінафобія – антыкітайскі настрой. – Belsat.eu]. Кітай да 90-х гадоў быў невядомым. Краіне прыпісваюцца страхі, забабоны. Людзі не ведаюць, што такое Кітай, што такое каронавірус. Таму гэта падстава глядзець падазрона і чакаць кепскага. Мала хто ведае, што сабой уяўляе сучасны Кітай. І гэтую праблему трэба вырашаць комплексным шляхам», – распавёў «Белсату» Яўген Красулін, спецыяліст па нееўрапейскіх цывілізацыях.

Сярод захадаў, якія паспрыяюць змяншэнню ксенафобіі адмысловец называе знаёмства з краінамі, глядзець як і чым там жывуць людзі. Бо там звычайнае грамадства, падобнае да нашага. Страх перад хваробай – гэта ўжо іншае.

«Цяпер чалавецтва не такое, каб абвінавачваць кітайцаў у каронавірусе. Сярод захадаў варта абмежаваць уезд з Кітаю, санітарныя мерапрыемствы. Гэта мае логіку. Але яшчэ патрэбен кантроль за тымі, хто прыбывае з краінаў, дзе зафіксавана хвароба. І датычыцца гэта не толькі людзей з Кітаю», – дадае Яўген Красулін.

Hавiны
Эвакуяваных з Ўу-Хані беларусаў змясцілі на каранцін у Казахстане
2020.02.03 07:57

СК belsat.eu

 

 

Стужка навінаў