Праз каронавірус Эстонія можа спыніць авіязносіны з Беларуссю

З мэтай спыніць распаўсюд каронавірусу, урад Эстоніі разглядае абмежаванні і магчымасці працы авіялініяў. Чыноўнікі міністэрстваў прапаноўваюць спыніць авіязносіны з Беларуссю, піша postimees.ee.

Урад Эстоніі адзначае, што авіярэйсы з Талліну павінныя з’яўляцца паступова і зыходзячы з эпідэміялагічнай сітуацыі ў іншых краінах. Чыноўнікі лічаць, што кожнае новае змякчэнне абмежаванняў спрыяе росту кантактаў, а гэта можа спрыяць росту захворванняў.

«Таму ў бліжэйшыя дні высветліцца, ці можна з новага тыдня адкрыць авіязносіны з Амстэрдамам і Капенгагенам. Эпідэміялагічную абстаноўку ў іншых краінах мы штодня адсочваем у супрацы з дэпартаментам здароўя і на падставе гэтай інфармацыі будзем прымаць рашэнні з нагоды адкрыцця авіялініяў. Вядома, неабходна пры першай магчымасці зачыніць менскую авіялінію, паколькі ў Беларусі ўзровень распаўсюджвання віруса выклікае трывогу», – сказаў міністр эканомікі і інфраструктуры Тааві Аас.

Паводле Міністэрства аховы здароўя Беларусі, у нашай краіне па стане на 14 траўня зарэгістраваныя 26 772 выпадкі каронавіруснай інфекцыі. За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памёр 151 пацыент.

У Эстоніі, паводле звестак Універсітэту Джонса Хопкінса, інфікаваныя 1 758 асобаў. Памерлі ад каронавірусу 62 чалавекі.

Мінздароўя лічыць, што Беларусь выходзіць на плато па каронавірусе

СК belsat.eu

Hавiны