Чыноўнікі разбураюць жытло берасцейцаў


Улады Берасця збіраюцца знесці 15 жылых участкаў, каб пабудаваць дарогу.

Пятнаццаць сем’яў з Берасця могуць застацца без жылля. Праз вуліцу Паплаўскую плануюць пракласці новую шашу ды зліквідаваць некаторыя прыватныя будынкі. Мясцовыя ўлады запэўніваюць, што пабудуюць новыя ды яшчэ з лепшаю інфраструктурай. Жыхары ж дамоў, што трапляюць пад знос, да абяцанняў ставяцца з асцярогай і спрабуюць перадухіліць рэалізацыю праекту.

«Набудзем намёты, надзіманыя матрацы ды будзем жыць», – жартуюць жыхары вуліцы Паплаўскага ў Берасці.

Хоць сітуацыя ў людзей зусім не жартоўная. Дзеля пабудовы новай абʼязной шашы частку вуліцы мясцовыя чыноўнікі хочуць знесці, а разам з ёю – і дамы. У гэтым пытанні ўчора прайшоў сход з мясцовымі органамі ўлады.

Чытайце таксама >>> Над Мухаўцом, які забяспечвае вадой Берасце, навісла экалагічная пагроза

Ідэя пабудаваць гэтак званы «Заходні абыход» у тым, каб закальцаваць горад з выхадам варшаўскае шашы на М1 да грузавога памежнага пераходу. Дарога будзе ісці вуліцаю Паплаўскага. Каб зрэалізаваць гэты праект, неабходна знесці 15 жылых участкаў. Улады сцвярджаюць, што на пабудову новых дамоў з рэспубліканскага бюджэту будуць вылучаныя неабходныя сродкі. Старшыня Берасцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук падчас сходу таксама запэўніў жыхароў, што ад гэтага яны толькі выйграюць.

«Я даў даручэнне знайсці самыя добрыя нармальныя ўчасткі, каб мы маглі размясціць участкі амаль таксама, як вы цяпер жывяце. Каб гэта былі ўчасткі з усёй інфраструктурай – самай сучаснай: водаправод, газ, каналізацыя, святло», – кажа Аляксандр Рагачук.

Аднак у цяжкай сітуацыі апынуцца і тыя, чыіх дамоў падчас пабудовы новай шашы не закрануць. Бо над імі можа зʼявіцца шматпалосная праезная частка. І першы, і другі варыянт мясцовых жыхароў не задавальняе. Надзея была на гэты сход, аднак нічога канкрэтнага дамагчыся гэтак і не ўдалося.

«Уражанні вельмі адмоўныя. Даверу як не было, так і няма. Адны толькі абяцанні, што будзе ўсё добра і выдатна», – кажа жыхарка вуліцы Паплаўскага Святлана.

Жыхары гэтай вуліцы Паплаўскага сцвярджаюць, што сэнсу ў пабудове гэтага «Заходняга абыходу» няма. Такія праекты ажыццяўляюцца ў горадзе не першы раз і ніколі гэта не развязвала праблемы загружанасці гарадскіх дарог. Аднак існуе Указ Лукашэнкі. І грошы, вылучаныя на «абыход», выдаткаваць, да прыкладу, на рэканструкцыю існых мастоў – нельга. Людзі збянтэжаныя.

«Мы жывыя людзі і будаваць хаты ў 40 – 50 гадоў па-новаму – гэта, прабачце мяне, праблематычна», – кажа Таццяна, якая жыве на вуліцы Паплаўскага.

Важна адзначыць, што былы кіраўнік гораду Аляксандр Палышанкаў раней у пісьмовай форме абяцаў жыхарам вуліцы, што «Заходні абход» іх не кране, таму лёгка можна будавацца. Аднак слова свайго не стрымаў. Людзі ўпэўненыя, што іх ізноў падмануць. І застануцца яны без даху над галавою.

«Усё перакрэслена, па лёсах нашых чалавечых пройдзена», – абураная Святлана.

Мясцовыя жыхары ўжо адправілі запыт у «Белдзіпразем», а таксама плануюць напісаць калектыўны ліст у адміністрацыю Лукашэнкі, у дзяржкантроль і Міністэрства архітэктуры з просьбаю разабрацца ў праблеме.

Кацярына Ерусалімская

Стужка навінаў