«Праз 15 хвілін – кіслароднае галаданне». Японец, хірург, акулярнік і чэмпіёнка свету – пра нашэнне маскі


Мінакі ў масках шпацыруюць па Старым горадзе ў Варшаве. 20 красавіка 2020 года.
Фота: Jaap Arriens / Xinhua / Zuma Press / Forum

Чатыры жыхары Польшчы, дзе ад 16 красавіка дзейнічае абавязак нашэння маскі ў публічным месцы, распавядаюць пра свой досвед.

Вікторыя Банькоўская, хірург агульнай практыкі Вайсковага медычнага інстытуту ў Варшаве

«Да масак я прызвычаілася падчас працы, хаця на пачатку было вельмі дрэнна: увесь час хочацца зняць з носа, бо дыхаеш тым, што выдыхаеш. Паводле правілаў, маска павінная быць апранутая вельмі шчыльна, і атрымліваецца, што праз 15 хвілін пачынаецца кіслароднае галаданне ў лёгкай ступені. Але не скажу, што хірургі або іншыя лекары неяк праз гэтыя маскі хварэюць. Калі б так было, ужо даўно нешта б змянілася.

Падчас увядзення абавязку нашэння маскі міністр [аховы здароўя Польшчы Лукаш Шумоўскі] сказаў, што можаце прыкрыцца шалікам. Я цяпер так і раблю. Па-першае, мае дзеці пужаюцца нас з мужам, калі мы апранаем маскі, а па-другое, у іх няма сэнсу.

Хірургічная маска – гэта бар’ерны кавалак тканіны, яна не фільтруе вірусы. Да таго ж, я бачу, як людзям на вуліцы цяжка праз маску дыхаць, яны здымаюць яе з носа і ў гэты момант сэнс маскі сыходзіць на нуль.

Каб маскі неяк дапамагалі абараніцца ад вірусу або абараніць іншых ад твайго вірусу, гэта павінныя быць адмысловыя маскі з фільтрам, якія вельмі шчыльна прылягаюць да твару. Я бачу людзей у такіх масках, але ўпэўненая, што яны не змяняюць іх кожныя паўтары гадзіны, бо гэтыя маскі каштуюць вельмі шмат, каб ужываць па дзесяць штук на дзень».

Алеся Усянок, чэмпіёнка свету па сучасным пяцібор’і, майстар спорту

«У мяне вялікі абʼём лёгкіх, глыбокі ўдых і глыбокі выдых, я патрабую шмат кіслароду. Праз гэта маска адразу прыліпае да твару, мне складана дыхаць, адчуваю сябе, як у лазні, як у запоўненым людзьмі пакоі, як падстрэленая птушка, якой трэба ляцець, але яна не можа зрабіць поўнага ўзмаху крылом.

Мне лепш памерці ад каронавірусу, чым абмяжоўваць сябе ў кіслародзе.

Падчас прабежак я нашу яе на падбародку, каб надзець, калі будзе ехаць паліцыя. Мяркую, гэта кашмар для ўсіх плыўцоў, лёгкаатлетаў, лыжнікаў і біятланістаў. Для мяне маскі таксама – прамы шлях у дэпрэсію. Твараў не бачна, ніхто не ўсміхаецца, усе ледзь дыхаюць – мне здаецца, гэта проста зло. Але цяпер гаворка ідзе пра бяспеку ў сувязі з каронавірусам, таму ўсім без розніцы – абы не заразіцца».

Ясухіра Ігарашы, фізік, Польская акадэмія навук

«У Японіі носяць маскі, каб не ўдыхаць бруднае паветра падчас смогу, у перыяд цвіцення раслінаў, каб пазбегнуць сянной ліхаманкі ды ў сезон прастудаў. Мы верым, што маска мае сэнс, калі чалавек хварэе, бо перадухіляе сухасць у горле, трымаючы цёплае і вільготнае паветра, а таксама дазваляе не заражаць іншых падчас чмыхання або кашлю.

Дыхаць у масцы нязручна, але на гэта ніхто не звяртае ўвагі.

Японцы традыцыйна насілі шматразовыя баваўняныя маскі, але цягам апошніх дваццаць гадоў папулярнасць набылі звычайныя хірургічныя, якія прадаюцца ў аптэках. Цяпер іх там няма, а ў інтэрнэце прадаюць па вельмі высокіх коштах, таму японскія ўлады вырашылі раздаваць па дзве маскі з бавоўны кожнай сям’і».

Пётр Яворскі, рэдактар польскай версіі старонкі «Белсату»

«Год таму праз смог я пачаў апранаць вельмі шчыльную спартовую маску падчас язды на ровары. Дыхаць у ёй было немагчыма. Да таго ж, калі маску не мяняць, у ёй пачынаюць збірацца бактэрыі і вірусы. Праз тыдзень я захварэў на грып.

Апроч гэтага, ад маскі запацявала шкло ў маіх акулярах, і я баяўся, што не пабачу аўта на пешаходным пераходзе.

Пазней я пачаў ездзіць у медычнай масцы з пластыкавым вентылем, які дазваляе выпусціць паветра, і стараўся выдзьмухаць паветра непасрэдна ў гэтую дзірачку – тады акуляры не пацелі. Але цяпер такіх масак няма ў продажы. У звычайнай ж масцы ездзіць на ровары нязручна і небяспечна.

Цяпер, каб фармальна твар быў прыкрыты, я апранаю баваўняны баф (шматфункцыйная турыстычная бандана. – Заўв. «Белсат»). Пасля кожнага шпацыру ўкідваю яго ў каструлю і кіпячу 20 хвілінаў, каб там не паспявалі развівацца бактэрыі».

Статуя Варшаўскай сірэны – сімвалу гораду – у масцы. 20 красавіка 2020 года.
Фота: Jaap Arriens / Zuma Press / Forum

З пачатку ўспышкі каронавірусу ў многіх краінах свету – у тым ліку Беларусі – маскі сталі дэфіцытам, нягледзячы на адназначную пазіцыю Сусветнай арганізацыі здароўя, згодна з якой насіць маскі павінныя толькі:

  • тыя, хто маюць сімптомы каронавіруснай інфекцыі;
  • тыя, хто даглядаюць за хворымі на COVID-19.

Цягам эпідэміі сурʼёзныя эксперты пачалі падвяргаць сумневу афіцыйную палітыку САЗ у пытанні нашэння масак. Таму цяпер мноства медыкаў ужо не ўпэўненыя і разважаюць так: калі ў многіх хвароба працякае без сімптомаў, а ўсе будуць насіць маскі, то гэткія схаваныя пераносчыкі не пераўтворацца ў распаўсюднікаў інфекцыі.

Апроч Польшчы абавязак нашэння маскі ўвялі таксама Аўстрыя, Славаччына і Чэхія.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў