Правілы жыцця Змітра Дашкевіча


Зміцер Дашкевіч і дзеці

«Лідар году», паводле прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці», і «Палітык году», паводле газеты «Наша Ніва» нават у навагоднюю ноч накіраваўся на акцыю.

Хацеў правесці яе з нацыянальнымі сцягамі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, але правёў 5 гадзінаў у міліцыі.

Belsat.eu пагутарыў са Змітром Дашкевічам пра тое, як спалучаць пратэстную дзейнасць, бізнес і сям’ю.

Не здраджваць сабе

«На фоне беларускай апатыі наш прыклад выглядае сапраўды пазітыўна. Здавалася б, што тут звышнатуральнага – пазбіраць подпісы ці сцягі вывесіць? – кажа пра свае ўзнагароды Зміцер. – Прыемна, калі тваю дзейнасць ацэньваюць. І разам з тым я не імкнуся да сімпатыяў. Шмат якія рэчы, якія я раблю, непапулярныя нават сярод прыхільнікаў пераменаў».

Не здраджваць самому сабе, бадай, ягонае першае правіла. Ён кажа, што «Малады Фронт» даўно адмовіўся ад вонкавага фінансавання ды амбітных абяцанняў на публіку. У 2006 годзе Дашкевіч заявіў, што моладзевая арганізацыя збярэ 50 тыс. подпісаў. У выніку атрымалася выканаць адну пятую плана, аднак і тыя 10 тыс. подпісаў проста прапалі на фоне абяцанай колькасці.

«Калі ты не пантуешся, гэта выклікае павагу ў грамадстве, – лічыць «Лідар года». – У нас ёсць 10-20 асобаў, якія могуць нешта зрабіць у межах той ці іншай ініцыятывы».

Зміцер перакананы, што нават такімі сціплымі чалавечымі сіламі пратэстная актыўнасць мае сэнс. Некалькі чалавек са сцягамі сарвалі цырымонію адкрыцця графіці, прысвечанага сяброўству Масквы і Менску. Пару дзясяткаў людзей пікетавалі выступ тэлевядоўцы канала «Рассея-1» Уладзіміра Салаўёва.

«Адна справа, калі б яго з хлебам-соллю сустракалі. А тут Салаўёў усё не можа супакоіцца: узгадвае, якія тут бандзюгі. У графіці быў бы адзін фармат, каб яны прыехалі як да сябе ў калонію яго адкрываць. Зусім іншы – ціха ляснулі пляшку шампанскага аб сцяну і разбегліся. Ёсць грамадскі супраціў».

Адказ з Міністэрства культуры наконт надання бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці не быў станоўчым. Хоць прапанову, падмацаваную 10,5 тыс. подпісаў, перадалі ў Акадэмію навук. Там маюць зрабіць адмысловае навуковае даследаванне.

Уся чалавечая праца карысная

«Вялікая праблема пасіянарнай часткі беларускага грамадства – гаварыць, што акцыі праводзіць правільна, а збіраць подпісы – не. Ці наадварот. Распаўсюджваць вышыванку правільна, а ваша радыкалізацыя не трэба. Гэта збачэнскае меркаванне, якое, мажліва, і КДБ распаўсюджвае», – мяркуе Зміцер Дашкевіч.

Ён упэўнены, што любая чалавечая праца мае плён. Мікалай Статкевіч праводзіць смелыя вулічныя акцыі, «Арт Сядзіба» прадае цішоткі з «Пагоняй», а «Малады Фронт» вывешвае сцягі.

«Нас шмат, патрыётаў беларускай мовы, але ніхто не хоча на ёй размаўляць. Шмат хто шануе бел-чырвона-белы сцяг, але хто гатовы зрабіць нешта, каб ягоная прысутнасць пашыралася?» – вызначае прыярытэты Дашкевіч.

Здавалася б, якая карысць апазіцыянеру ад КДБ? Нават іх шкоды для Змітра часам прыносяць станоўчы вынік.

«Нашаму сябру пракалолі колы: адпомсцілі за вывешванне сцягоў. Мы праз сацыяльныя сеткі назбіралі $ 700! Памянялі колы за $ 200, і яшчэ паўтысячы засталося на дзейнасць. Дзякуй чэкістам за іх працу!»- смяецца Дашкевіч.

Усё, што робіце, рабіце як Госпаду

Змітру 35 год. Усе ведаюць, што ягоная жонка Наста сама калісьці была актыўнай маладафронтаўкай. Гэтая «загартоўка» сёння дапамагае хутка рэагаваць, калі Змітра нечакана затрымліваюць. Такія непрыемныя гісторыі звычайна закранаюць усю сям’ю Дашкевіч.

Зміцер жартуе пра Насту «мой палітолаг».

«Мой палітолаг патлумачыла табе, чаму мяне заблакавалі ў машыне?», – смяецца ён.

«Я думаю, што гэта было звязана з акцыяй, калі вешалі сцягі. Чэкісты яе прашлёпалі. Зараз у іх шмат актыўнасці – баяцца зноў нешта прапусціць», – кажа Наста пра выпадак, калі мужа заблакавалі ў машыне каля дому кліента.

Зміцер кажа, што на працы затрыманні і арышты адбіваюцца ўсё ж рэдка. Ягоны брэнд «Цесляры» – частка цэлага цыклу вытворчасці. Часцей бывае замовы спазняюцца на содні-двое, калі зламалася машына дастаўкі ці не паспяваюць вырабіць ДСП для канкрэтнага прадмету мэблі. Цяслярскага рамяству Зміцер навучыўся ад знаёмага. Той прапанаваў падпрацоўку, калі Дашкевіч вызваліўся з турмы летам 2013 году.

«Стваральная праца, канешне, падабаецца. Прыемна, калі скончыў шафы, кухню», – кажа маладафронтавец.

На старонцы ІП Дашкевіча змешчаны ўрывак з «Паслання Каласянам» з «Новага Запавету»: «І ўсё, што робіце, рабіце ад душы, як Госпаду, а не чалавеку». Пра рэлігійнасць Змітра таксама шмат хто ведае. Яго гэтая цытата натхняе. Кліенты на хрысціянскае пазіцыянаванне бізнесу ўвагі амаль не звяртаюць. Часам пытаюцца: «Чаму вы гаворыце па-беларуску?»

«Я пераводжу ў жарт. «А што, па-расейску мне размаўляць у Беларусі?! – жартам абуруся я і ў шмат якіх выпадках канфліктная сітуацыя гэтым вычарпаная. Глядзіш потым, на наступны дзень кліент ужо і сам беларускія словы ўжывае. Калі да многіх прэтэнзіяў сурёзна ставіцца, можна пачаць вар’яцець», – кажа пра яшчэ адно сваё правіла Зміцер.

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў