Над Нёмнам дагэтуль жывуць нашчадкі старавераў, якія трапілі сюды на пачатку ХІХ ст.
Куколі пад Горадняй раней лічыліся вёскай, пазней хутарам, зараз фактычна гэта дачы. Там-сям засталіся старыя хаты колішніх гаспадароў тутэйшай зямлі – старавераў. Сёння па стараверах тут засталіся могілкі ў лесе ды некалькі сем’яў нашчадкаў, якія перайшлі ў праваслаўе.
Раней жа, нават на хрэсьбіны ці заручыны ездзіць даводзілася ажно ў польскія Сувалкі – да сваіх. Адтуль жа і жонак бралі, там выходзілі замуж. У мясцовых кавалераў-каталікоў наўпрост не было шанцаў…
Але ўсё гэта ў мінулым. Сваймі ўспамінамі з намі дзеліцца Яўгенія Георгіеўна Шлыкава (па маці – Ранцава), найстарэйшы нашчадак кукольскіх старавераў.[/vc_column_text][vc_single_image image=”97296″ img_size=”large”][vc_column_text]
Мой пра-пра-пра…, Лук’ян Міхалыч Ранцаў прыехаў сюды ў 1823 годзе на заробкі, пільшчыкам у Грандзічы. Прыехаў з Польшчы, а туды яго продкі трапілі з Наўгародчыны. Гаспадыня дала яму 17 гектараў зямлі на нёманскім узбярэжжы, якія пасля перайшлі яго сынам. З гэтага ўсё і пачалося. А Лук’ян Міхалыч не пражыў доўга, надарваўся падчас працы – жонка яго перажыла на 30 год.[/vc_column_text][vc_single_image image=”97292″ img_size=”large”][vc_column_text]
Абавязкова маліліся двойчы на дзень, зранку ды ўвечары. Мой бацька, калі прыйшоў сюды жыць пасля вайны, ён данскі казак, таксама пачаў маліцца… Сорамна было заставацца ў баку. Кожны меў лествачку, нават дзеці. Гэта чоткі самаробныя на сто бубінак. Сто бубінак – сто паклонаў. Хавалі таксама разам з імі – павязаўшы на левую руку.
Мой дзед лавіў рыбу, бабуля прадавала. Жылі з таго, што самі рукамі зараблялі. «Крэпка» жылі. Казалі, што недзе і голад быў, не хапала чагосьці… А тут неяк не адчувалася. Гэта ў 1956-м, як калгасы парабілі, то ўсё змяняцца пачало…
Як было? У нядзелю як паснедалі, дзед запрашае дзяцей у пакой, дастае «Псалтыр» і вучыць. У пяць год мама ўжо чытала псалмы, не магла, праўда, дастаць да стала, дык ёй табурэт ставілі. Той дзед, які некалі служыў у Пецярбурзе ў Прэабражэнскім палку, ён казаў маёй маме: «Капіталінка, пачытай мне». А пасля даваў за гэта адзін злоты. Усе бацькі вучылі сваіх дзяцей. Нядзеля была для навукі – такая традыцыя.
Калі бацька толькі прыйшоў у сям’ю ды паставіў на стол бутэльку, браты маёй маці пачалі пераглядацца, маўляў, сястра за п’яніцу выйшла. А раней яшчэ, дзед мой казаў: «Ні за плытніка, ні за пільшчыка дачку не аддам!» Лічылася чамусьці, што яны як сезонныя працоўныя не мелі добрай гаспадаркі ды выпівалі часцяком.
Насупраць Куколяў раней на Нёмне была выспа. Зараз рака змяніла сваё цячэнне і яна «прырасла да берагу». Калі гналі плыты, я чула адтуль: «Наліво, наліво!» Думаю, што гэта яны крычаць? Пасля толькі зразумела, што яны крычалі: «Налева!» Каб не разбіць плыты, яны мелі зварочваць у левае русла каля вострава. Часам плыты разбіваліся. А нашыя мужчыны лавілі баграмі тыя бярвёны ды цягалі на бераг. Куханька наша з іх збудаваная.
«Мы рускія», – так заўжды казалі. Ніколі не чула, каб казалі пра сябе: «Мы стараабрадцы» ці «Мы стараверы». А мясцовыя называлі нас кацапамі, мы іх пшэкамі. Так было. Сына майго раз у школе жыдам назвалі. А хто назваў? Ён жа сам жыд!
Працавітыя былі. Майго дзядзьку, Арсенія Піліпавіча, увесь час адпраўлялі на ўборку ў Казахстан. Яго менавіта. Калі мой дзядзька сышоў з вінзаводу, дзе працаваў, на яго месца паставілі два чалавекі – адзін не даваў рады. А на працу ён пешкі хадзіў, уяўляеце? Да гораду. Калі нехта падвесці хацеў, дык ён казаў – я сабе час разлічыў, чаго я раней прыеду ды сядзець там буду?
Вельмі добра спявалі, шмат было «песеннікаў». Бацька мой, казак, які не спяваў і не танчыў, калі сюды прыйшоў троху збянтэжыў усіх… А вось прыклад з жыцця: калі дзед вяртаўся з Казахстану, ведаеце, хто што прывозіў з падарожжа, а ён – песняў новых! І спявалі цэлымі вечарамі. І мама, і цёця, усе добра спявалі.
Зараз нехта з нашых паехаў у Саратаў, нехта ў Польшчу, нехта ў Прыбалтыцы жыве. З гарадзенскіх я, хіба, найстарэйшая. Мы сустракаемся на Радаўніцу, бацюшка з царквы ў Зарыцы, ходзіць асвячаць могілкі, нічога страшнага, што стараверы. Прыйдзе, пасвеціць, пагутарым, за сталом пасядзім. На гэтую Радаўніцу, як жывыя будзем, таксама сустрэнемся.
АК, belsat.eu