Правілы жыцця прэм'ер-міністра: новы фільм «Белсату»


Падчас здымкаў фільму для «Белсату» журналісткі правялі тыдзень з Маяй Санду, не падазраваючы, што ў чэрвені яна стане прэм’ер-міністрам Малдовы.

Беларусь і Малдову звязвае віно (мы – галоўны імпарцёр), пастаянная зацікаўленнасць з боку Расеі, адток грамадзян за мяжу і барацьба з карупцыяй. І калі ў Беларусі апошні пункт стаў лозунгам кіраўніка краіны, то ў Малдове за выкараненне хабарніцтва ўзялася Мая Санду – экс-міністр адукацыі і лідарка праеўрапейскага блоку «Acum». Прычым узялася не на словах, а на справе.

Аліна Коўшык і Сандра Ужуле-Фонс, здымаючы фільм для «Белсату», аказаліся адзінымі замежнымі журналістамі, якія суправаджалі Маю Санду ў апошнія дні перадвыбарнай кампаніі. Гутарым з імі пра тое, адкуль у малдаван па чатыры пашпарты і як пірожныя звязаныя з палітыкай.

Інга Астраўцова: Прызначэнне Маі Санду прэм’ер-міністрам стала нечаканым паваротам на палітычнай сцэне Малдовы. Пасля парламенцкіх выбараў, якія прайшлі ў лютым 2019-га, урад не маглі сфармаваць больш за тры месяцы. У выніку прарасейская Партыя сацыялістаў на чале з прэзідэнтам Ігарам Дадонам і праеўрапейскі блок «Acum», нягледзячы на супрацьлеглыя погляды, выступілі адзіным фронтам супраць Дэмакратычнай партыі, якую звязваюць з алігархам Уладзімірам Плахатнюком. Кандыдатуру Маі Санду адначасова ўхвалілі Расея, ЗША і ЕЗ. Ці разлічвала яна на перамогу?

Аліна Коўшык: Блок «Acum» працаваў на перамогу. Але сілы былі няроўнымі, паколькі СМІ былі сканцэнтраваныя ў руках галоўнага алігарха краіны Уладзіміра Плахатнюка, бюджэты перадвыбарных кампаніяў адрозніваліся ў разы, быў задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс. Галоўным рэсурсам Маі Санду быў яе аўтарытэт і каманда, якой яна цалкам давярала.

Сандра Ужуле-Фонс: Займаючы пасаду міністра адукацыі ў 2012–2015 гадах, Мая Санду ўсталявала ў падведамных ёй установах відэакамеры. Дзеці, бацькі якіх заплацілі хабар настаўнікам, ужо не маглі спісваць падчас выпускных экзаменаў. Не ўсе засталіся задаволеныя новаўвядзеннем. Другая мера, уведзеная Маяй Санду, яшчэ больш раскалола грамадства. Яна закрыла школы з невялікай колькасцю вучняў: утрыманне занадта дорага абыходзілася бюджэту. Нягледзячы на гэта, прыхільнікаў у міністра адукацыі было дастаткова: на прэзідэнцкіх выбарах 2016 года яна стала другой. А перамог тады Ігар Дадон.

Мая Санду і Аліна Коўшык

І.А.: Што вас больш за ўсё здзівіла ў Малдове?

С.У.-Ф.: Уяві сабе, што грамадзянін Малдовы, як правіла, мае некалькі пашпартоў. Нямала такіх, у каго іх тры і нават чатыры. Акрамя малдаўскага, гэта часцей за ўсё румынская. Яго выдаюць прыкладна на такіх жа падставах, як карту паляка, і па ім можна без візы наведваць зону Шэнген. Таксама малдаване атрымліваюць італьянскія і расейскія пашпарты, паколькі ў гэтыя краіны яны часцей за ўсё ездзяць на заробкі.

А.К.: А мяне больш за ўсё здзівіла, што Малдова – зусім не савецкі запаведнік, як многія пра яе кажуць, а краіна з цалкам еўрапейскім менталітэтам. Проста вельмі бедная.

І.А.: Наколькі бедная?

С.У.-Ф.: Каб табе было больш зразумела: у Малдове ёсць людзі, якія жывуць у трушчобах. А ёсць чалавек, якому належыць цэлы горад. Гэта бізнесмен і палітык Ілан Шор, муж расейскай спявачкі Жасмін. Напярэдадні парламенцкіх выбараў ён адкрыў сетку сацыяльных крамаў, дзе можна купіць ежу танней, напрыклад, таму, што тэрмін прыдатнасці прадуктаў падыходзіць да канца.

Малдаўскія трушчобы

І. А.: У выніку кансерватыўная партыя Ілана Шора ўвайшла ў парламент. І гэта нягледзячы на тое, што яе лідара некалькі гадоў таму прысудзілі да 7,5 гадоў пазбаўлення волі за вывад з краіны ў афшоры 1 млрд долараў ЗША. Алігарх абскардзіў прысуд, і яму дазволілі застацца на волі да моманту, калі прыме рашэнне апеляцыйная інстанцыя. Шор спакойна пакінуў Малдову.

А.К.: Дарэчы, каб затаварыцца ў краме, трэба паказаць партыйнае пасведчанне. Ілан Шор – галоўны фігурант справы аб крадзяжы мільярда з бюджэту. А справаздачу аўдытарскай кампаніі «Kroll», якая праводзіла расследаванне, улады не дазвалялі цалкам апублікаваць, бо самі былі ва ўсім гэтым замешаныя. Як толькі Мая Санду стала прэм’ерам, справаздачу апублікавалі, і аказалася, што скралі не адзін мільярд, а тры.

І.А.: Нехта акрамя Маі Санду, прадпрымае спробы змяніць сітуацыю?

А.К.: Адна з гераінь нашага фільма, Ганна, вярнулася ў Кішынёў з Польшчы. Яна – актывістка руху «Occupy Guguţă», які праславіўся нестандартнымі акцыямі пратэсту. Там каля сотні чалавек, у асноўным моладзь, можна сказаць, – мясцовыя хіпстэры. Затое ў інтэрнэце іх падтрымліваюць тысячы малдаван у краіне і за мяжой.

Актывістка руху «Occupy Guguţă» Ганна вярнулася ў Кішынёў з Польшчы

С.У.-Ф.: Назва руху звязаная з папулярным казачным персанажам – хлопчыкам Гугуцэ. Ён таксама носіць шапку, і ў цяжкі момант яна стане такой вялікай, што накрыўшы ёю, можна будзе абараніць сваю Радзіму. Яшчэ ёсць традыцыйнае пірожнае ў форме такой жа шапкі, яго робяць з скручаных блінцоў з начынкай з вішань.

Традыцыйнае пірожнае ў форме шапкі казачнага персанажа Гугуцэ

А.К.: Дарэчы, калі мы здымалі адну з акцый пратэсту «Occupy Guguţă», паліцыя затрымала машыны. І мясцовы аператар не хацеў удзельнічаць у акцыі. Прыйшлося Сандры ўзяць камеру. Страх у краіне ёсць, людзі баяцца канфрантацыі з уладамі. Нават адзін з самых вядомых палітолагаў краіны Оазу Нантой прызнаўся мне падчас інтэрв’ю, што не хацеў сустракацца і каментаваць замежным журналістам палітычную сітуацыю ў краіне, баючыся наступстваў з боку некаторых палітыкаў.

Сандра Ужуле-Фонс падчас здымкаў фільму

І.А.: І людзі бягуць за мяжу.

А.К.: Малдаване гадамі з’язджаюць з краіны на заробкі, пакідаючы дзяцей. Колькі разбітых сем’яў з-за гэтага…

С.У.-Ф.: Мы назвалі фільм «Не сыходзь, Малдова», таму што малдаване замест «з’ехаць з краіны» кажуць «сысці з краіны». Гэта калька з румынскага.

А.К.: Так, у Малдавіі большасць людзей не карыстаюцца рускай мовай. На мае пытанні шмат хто прынцыпова адказваў па-румынску. Даводзілася тлумачыць, што мы – беларускае тэлебачанне і проста не разумеем.

І.А.: У вас атрымаўся фільм пра моцных жанчын, якія робяць усё, каб змяніць Малдову. А што ж мужчыны?

С.У.-Ф.: Я задавала сабе тое ж пытанне.

А.К.: У мужчын там асаблівы статус. Напрыклад, у рэстаране гасцініцы, дзе мы спыніліся, аднаму з наведнікаў не спадабалася, як выглядае наш аператар. Калі мы папрасілі афіцыянтку супакоіць кліента, тая развяла рукамі: «Як я зраблю яму заўвагу? Я ж жанчына». Гэта патрыярхальнае грамадства.

Як жанчынам у такіх умовах атрымоўваецца змяняць краіну да лепшага, глядзіце ў дакументальным фільме Аліны Коўшык і Сандры Ужуле-Фонс «Не сыходзь, Малдова» (відэа вышэй).

Гутарыла Інга Астраўцова, фота Марыты Бяроньскай і Аліны Коўшык

/ІР

Стужка навінаў