На сёлетняе цэнтралізаванае тэставанне можна будзе запісацца праз інтэрнэт. Змены ўвялі праз эпідэміялагічную абстаноўку ў краіне.
Каб зарэгістравацца на цэнтралізаванае тэставанне, трэба запоўніць бланк заявы ў электронным выглядзе і даслаць яе на электронную пошту аднаго з пунктаў рэгістрацыі, паведамляе Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў.
Заявы скласці можна па-беларуску і па-расейску. Зарэгістравацца на ЦТ можна будзе ад 2 траўня да 1 чэрвеня.
Аплаціць збор за ўдзел у ЦТ трэба не пазней за 1 чэрвеня, таксама праз АРІП. Рэквізіты дашлюць вам на электронную пошту не пазней чымся праз адзін працоўны дзень пасля атрымання запоўненай формы.
Пасля аплаты абітурыент мусіць забраць пропуск на тэставанне ў тым пункце рэгістрацыі, на які даслаў сваю заяву. У РІКВ абяцаюць арганізаваць папярэдні запіс такім чынам, каб пазбегчы вялікага збору людзей.
З падрабязнай інструкцыяй па рэгістрацыі і аплаце азнаёмцеся на старонцы РІКВ.
КТ Belsat.eu