«Правільна, што хлопцы дзейнічалі жорстка». Лукашэнка загадаў узнагародзіць міліцыянтаў за спецаперацыю ў Магілёве


Аляксандр Лукашэнка ўдзячны міліцыянтам за паспяховую аперацыю па абясшкоджванні рабаўніка банку ў Магілёве.

«Я і вам, і хлопцам з Магілёўскай вобласці вельмі дзякую за прафесіяналізм, які праявілі пры затрыманні асабліва небяспечнага злачынцы, які захапіў адно з аддзяленняў банку і які спрабаваў узяць у закладнікі людзей. Асабліва таго хлопца, які выказаў жаданне, вобразна кажучы, нейтралізаваць яго, сеў за руль аўтамабіля, і тых дзяцей, якія затрымалі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка 23 лістапада, прымаючы з дакладам кіраўніка МУС Ігара Шуневіча.

Лукашэнка заявіў, што гэта была адна з лепшых аперацый беларускай міліцыі.

«Я ведаў пра гэтыя падзеі з першых хвілін. Правільна, што хлопцы дзейнічалі жорстка», – заявіў ён.

Паводле прэс-службы, Лукашэнка звярнуў увагу, што падобныя злачынствы раўнасільныя тэрарыстычным актам, бо ў такіх выпадках нявінным людзям пагражае небяспека.

«Таму рэакцыя павінна быць вельмі жорсткай. Амаль так дзейнічалі супрацоўнікі АМАПу, міліцыі. Малайцы! Ніхто не дзяліў: гэта наша, гэта ваша, – а ўзяліся рэалізоўваць задачу, якую мы павінны былі рэалізаваць. І яны зрабілі гэта, можна сказаць, бліскуча», – адзначыў ён.

Лукашэнка даў загад узнагародзіць праваахоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай аперацыі.

Нагадаем, 20 лістапада 28-гадовы грамадзянін Расеі, які мае від на жыхарства ў Беларусі, спрабаваў абрабаваць аддзяленне «Беларусбанку» на вуліцы Каліноўскага ў Магілёве. Зламыснік узяў у закладнікі пяць чалавек, пасля чаго стаў патрабаваць прадставіць яму аўтамабіль. Ягоную просьбу задаволілі. Спрабуючы ўцячы ад сілавікоў, нападнік адстрэльваўся, але яго паранілі і затрымалі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў