Праваслаўным святарам Беларусі, якія грэбуюць санітарнымі нормамі, пагражае царкоўны суд


Праваслаўны мітрапаліт Менскі ды Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, выступіў з заявай з нагоды распаўсюду каронавіруснай інфекцыі ў Беларусі. Тэкст заявы змешчаны на сайце Church.by.

Мітрапаліт адзначыў, што неаднаразова накіроўваў у епархіі, манастыры і прыходы Беларускай праваслаўнай царквы заснаваныя на рэкамендацыях спецыялістаў-эпідэміёлагаў інструкцыі супрацьдзеяння COVID-19. Але, паводле яго, не ўсе паставіліся да рэкамендацыяў «з належнай увагай і праз паслушэнства».

Hавiны
У БПЦ пацвердзілі ўспышку каронавіруса ў манастыры, які на Вялікдзень наведаў Лукашэнка
2020.04.28 15:00

«Мы не зачынялі храмы і манастыры для наведвання ў дні велікодных урачыстасцяў, заклікаючы ўсіх выконваць санітарныя нормы і меры засцярогі, але нядбайнае стаўленне да нашых заклікаў, а часта і безадказнае стаўленне да выканання інструкцыяў папярэджання захворвання з боку асобных клірыкаў прывялі да выпадкаў заражэння каронавіруснай інфекцыяй шэрагу святароў, манахаў і свецкіх, як з ліку парафіяльных працаўнікоў, студэнтаў духоўных школ, так і простых вернікаў», – заявіў экзарх.

Гэтак, некаторыя святары і манахі зараз знаходзяцца ў аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі. А 29 красавіка ў выніку захворвання на каронавірус памёр святар Петра-Паўлаўскага сабора ў Менску, іерэй Генадзь Буцька.

Hавiны
Асцярожныя ці хварэюць? Чаму закрылі жаночы праваслаўны манастыр у Горадні?
2020.04.29 14:15

Мітрапаліт зноў заклікаў «архіпастыраў, пастыраў, ігуменаў, ігуменняў і ўсіх верных дзяцей Беларускай праваслаўнай царквы прыслухацца да заклікаў Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла і рэкамендацыяў Міністэрства аховы здароўя».

Гэтак, паводле яго, у бажніцах і манастырах варта строга выконваць санітарныя нормы, прытрымлівацца бяспечнай дыстанцыі ды неабходных захадаў засцярогі, устрымлівацца ад удзелу ў набажэнстве, наведвання храмаў і месцаў агульнага сходу людзей пры наяўнасці прыкметаў якога-небудзь захворвання.

Hавiны
У Менску ад каронавірусу памёр праваслаўны святар
2020.04.29 11:28

«Памятайце, што нядбалае стаўленне або свядомае невыкананне санітарных нормаў, а таксама любыя заклікі ігнараваць заснаваныя на кампетэнтным меркаванні лекараў інструкцыі Свяшчэннаначалля царквы ў перыяд эпідэміі з’яўляюцца не сведчаннем веры або «стаяння ў праўдзе», але злачынствам супраць блізкіх, а значыць – і супраць Бога. І адказваць за гэтыя злачынствы кожны вінаваты будзе перад Богам паводле евангельскага закону, а перад людзьмі – па законах дзяржавы. У выпадку выяўлення адкрытага грэбавання санітарнымі нормамі клірыкі падпадуць пад самыя строгія кананічныя грозьбы і могуць быць прыцягнутыя да царкоўнага суду», – заявіў кіраўнік БПЦ.

Ён заклікаў «па меры магчымасцяў працягваць правядзенне богаслужэнняў, кіруючыся пры гэтым сітуацыяй на месцах». У выпадку захворвання клірыкаў і спевакоў дапускаецца зменшыць колькасць штотыднёвых набажэнстваў. Таксама рэкамендуецца здзяйсненне грамадскай малітвы на вуліцы. У месцах са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй дазваляецца здзяйсненне набажэнстваў у храмах без удзелу вернікаў.

Hавiны
«Каранціну няма». Што адбываецца ў праваслаўных манастырах, дзе ёсць падазрэнне на COVID-19?
2020.04.23 13:45

Нагадаем, што ў Беларусі – у Менску, Горадні, Жыровічах, Смілавіцкім раёне – закрыліся ўжо некалькі праваслаўных манастыроў, у насельнікаў якіх выявілі каронавірус. Таксама на лекаванні знаходзіліся два епіскапы, але афіцыйна ў іх COVID-19 у іх пацверджаны не быў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў