Праваслаўны «байцоўскі клуб» – погляд знутры


Шчыры аповед пра летнія лагеры, вучэнні са зброяй, малебны ды здачу на чорны берэт. Belsat.eu пагутарыў з удзельнікам праваслаўнага вайскова-патрыятычнага клубу «Віцязь».

Тры гады таму медыі абляцела серыя расследаванняў пра дзейнасць сеткі праваслаўных парамілітарных клубаў у Беларусі. Падалося, што хлопцы ў камуфляжы з макетамі аўтаматаў ды праваслаўнай сімволікай на шаўронах сур’ёзна перапужалі грамадскасць: «русский свет», зусім блізка! Інфармацыя наклалася на падзеі ва Украіне, таму і псіхоз быў цалкам прадказальны і лагічны.

Неўзабаве пасля публікацыяў прынамсі частка клубаў спыніла сваю дзейнасць. Так было на Гарадзеншчыне: «Віцязь», «Славяне», «Дружына» ды іншыя арганізацыі сышлі ў нябыт, а некаторыя іх кіраўнікі нават займелі праблемы з органамі…

Фота з архіву В.

Чым жа былі гэтыя клубы насамрэч і што ўкладалася ў галовы маладым хлопцам ад 12 да 18 гадоў, якія туды траплялі? Наш суразмоўца, які папрасіў не называць ягонага імя, пагадзіўся распавесці пра свой удзел у «Віцязі», пра летнікі, выезды ў Маскву, настаўнікаў, грошы ды іншыя моманты з жыцця клубу.

«Цяпер бы задумаўся, а тады што я разумеў?..»

Як ты трапіў у праваслаўны вайскова-патрыятычны клуб?

З дзяцінства цікавіўся войскам, зброяй, вайсковай гісторыяй – гэта ж нармальна для кожнага падлетка. Аднакласнік неяк сказаў, што ёсць клуб, дзе ладзяцца заняткі для хлопцаў, распавядаюць нешта на вайсковыя тэмы… Патлумачыў, куды і калі прыходзіць. Аказалася, што ўсё ладзіцца па нядзелях на базе Уладзімірскай царквы. Не памятаю дакладна года, але я быў у восьмым класе. Там прыкладна ўсім каля 15 гадоў было.

Цябе гэта не здзівіла: войска і царква ў адным флаконе?

Цяпер бы задумаўся, а тады што я разумеў? Цікава было. Спачатку мы ішлі на службу, пасля гадзінны занятак па тэорыі вайсковай справы. Напрыклад, малюецца схема з рэльефам мясцовасці, і ў нас пытаюцца: «Дзе б ты паставіў кулямёт, калі вораг рухаецца адсюль?» У такім стылі.

Пасля мы беглі перакусіць дадому і вярталіся на практычныя заняткі на базе вайсковага факультэту ГрДУ. Там была «фізуха» ў спортзале, збіранне і разбіранне аўтамата Калашнікава, ПРК (пераносны ракетны комплекс. – Аўтар), СВД (снайперская вінтоўка Драгунава. – Аўтар) і г. д. Па электронных мішэнях стралялі. Ну, і дадому пасля.

«Спачатку былі толькі хлопцы, пасля – таксама і дзяўчаты»

Дык а хто кіраваў гэтым усім?

Адзін са святароў Уладзімірскай царквы, а. Аркадзь (Касьяненка. – Аўтар) – ён быў і кіраўніком, і духоўнікам. Сам ён афіцэр у адстаўцы. Вайсковым рыхтаваннем непасрэдна кіраваў Анатоль Міхайлавіч (Перахватаў. – Аўтар), таксама афіцэр. Афіцыйная назва – Праваслаўны вайскова-патрыятычны клуб, або ПВПК «Віцязь».

Адзін са святароў Уладзімірскай царквы, а. Аркадзь Касьяненка

Праз год пасля таго, як я прыйшоў, у Горадні з’явіўся яшчэ адзін клуб – «Славяне». Ён стартаваў на базе Свята-Пакроўскага сабору, кіраваў настаяцель а. Яўген (Павельчук. – Аўтар). У нас былі толькі хлопцы, то там і дзяўчат таксама падцягвалі. Займаліся «рукапашкай» на базе 37-й школы на Фолюшы, там жа быў кабінет дапрызыўнага рыхтавання.

А нехта плаціў за заняткі ў зале, форму?

«Славяне» дакладна плацілі – па 70 тысяч на старыя грошы, здаецца, на месяц скідваліся. Гэты клуб больш «пантовы» быў за наш, больш «абароткі»: форма, пальчаткі, грушы і г. д. У нас у «Віцязі» спрабавалі ўвесці аплату, але пасля адмовіліся: ніхто не прыносіў грошай.

«Здравия желаю, ваше высокопреподобие!»

Летнія выезды былі ў вас?

Так, штогод. Нешта накшталт лагеру для падвядзення вынікаў года. Зазвычай рабілася ўсё на базе нейкай памежнай часткі, мяжа ж блізка зусім. Здаецца, у кіраўніцтва была дамова нейкая пра супрацу з памежнікамі. Вайскоўцы давалі вялікія брызентавыя намёты, ложкі, коўдры нават.

Туды аўтобусам ехалі, асобны аўтобус са Шчучына (там быў аналагічны клуб – «Дружына»). У першы дзень усе занятыя ўсталяваннем лагеру. Цікава, што падчас заезду ў нас аглядалі рэчы: звярталі ўвагу на харчы, якія могуць сапсавацца – каб не патруціліся.

Хтосьці ставіў намёты, хтосьці будаваў агароджу вакол лагеру (калкі з бела-чырвонай стужкай), укопвалі слупы, на якіх красаваў сцяг Беларусі і сцягі клубаў. Пад сцягам ставілі іканастас. Асобна ставілі «грыбок» са звонам: там нёс варту днявальны, які гэтым звонам даваў сігнал пад’ёму і адбою. Недзе за 50–100 м ад лагеру будаваўся блокпост ля дарогі. Капалі яміну, пясок з яе перасыпалі ў мяхі і рабілі такую сабе абарончую спаруду.

А хто кіраваў у лагеры?

Галоўнымі былі падпалкоўнікі, замацаваныя за атрадамі. Напрыклад, у гэты дзень ён галоўны па лагеры і расстаўляе: каго на блокпост, каго на «грыбок», каго на кухню – раздае нарады. Варта трывала і ноччу, і днём. Напрыклад, на блокпост ішло 2 групы па 2 чалавекі, і вартавалі па дзве гадзіны са заменамі – па чарзе. А 17-й гадзіне заступае наступны атрад. Напрыклад, сёння «Славяне», заўтра «Віцязь», паслязаўтра «Дружына»…

Кіраўнік клубу «Славяне» Дзяніс Мішкель

Усяго ж там збіралася каля 100 чалавек, якія дзяліліся на тры роты, кожная – на тры аддзелы, прыблізна так. Самыя старэйшыя мелі па 17 гадоў, навучэнцы каледжаў, яны і хадзілі найдаўжэй у клубы. Званні былі: сяржанты, яфрэйтары… У «Віцязя» з прыстаўкай «віцэ»: віцэ-сяржант, напрыклад. Гэта традыцыя сувораўскіх вучэльняў. У «Славянаў» былі пагоны, у нас – нашыўкі. Два куткі – малодшы сяржант, тры – сяржант.

Званні раздаваў падпалкоўнік і настаяцель. Сам а. Аркадзь, здаецца, сышоў у адстаўку капітанам. Найчасцей да яго мы звярталіся «Здравия желаю, ваше высокопреподобие!», але калі ён быў не ў царкоўнай расе, а па форме, то маглі і «Здравия желаю, товарищ капитан!».

«Малітва – пяць разоў на дзень, як у мусульманаў»

Які ў вас быў распарадак дня?

Пад’ём а 7-й раніцы. Зарадка спачатку: бег, адцісканні, прэс. Калі бяжым і нехта адстае, прымаем упор лежачы і адціскаемся, пакуль не дагоніць. Тым, хто прыязджаў упершыню, было складана напачатку: аднаго мальца пры мне званітавала нават. Пасля прызвычайваліся. Запраўка ложкаў, умыванне, сняданак. Кармілі, зрэшты, няблага: кухарам была адмысловая жанчына, а мы толькі дапамагалі – дровы пасекчы, вады прынесці.

Фота з архіву В.

А малітвы былі нейкія?

Перад кожным прыёмам ежы была малітва абавязковая. Наогул маліліся пяць разоў на дзень: тры разы перад ядой, ранішняя і вечаровая малітва. Як у мусульман – пяціразовы намаз (смяецца).

Заняткі былі не штодзённа, таму часцяком цэлы дзень мы проста бадзяліся па лагеры. На занятках у лес выходзілі, вучыліся арыентавацца на мясцовасці, азімуты і г. д. Прыязджалі, бывала, міліцыянты-кінолагі, паказвалі, як працуюць з сабакамі. Так і праходзілі два тыдні.

Другую частку размовы чытайце заўтра.

Алесь Кіркевіч, belsat.eu

Стужка навінаў