Праваслаўны «байцоўскі клуб» – погляд знутры. Працяг


Шчыры аповед пра летнія лагеры, вучэнні са зброяй, малебны ды здачу на чорны берэт. Belsat.eu пагутарыў з удзельнікам праваслаўнага вайскова-патрыятычнага клубу «Віцязь».

Дні за чатыры да канца летніку пачыналі здаваць на чорны берэт. Нарматыў складаўся з трох этапаў.

Першы. Марш-кідок на 10 км па перасечанай мясцовасці (вада, лес, поле), а ў канцы 100-метроўка. Хто хутчэйшы – пераходзіць на наступны этап.

Другі. Паласа перашкодаў, якую мы ж і будавалі. Купіны, рамкі з дрэва, у якія трэба скакаць, бар’еры, каб пераскокваць, «тарзанкі», павуціна… Гэтым часам з бакоў падкідвалі петарды і падрывалі розную піратэхніку над галовамі. Пасля – стральба з пнеўматычнага ПМ: стоячы, седзячы, лежачы. Хто лепшы – на наступны этап.

Фота з архіву В.

Трэці. «Рукапашка» ў форме спарынгу. Першыя два баі з такімі ж, як ты, кандыдатамі на берэт, апошні з хлопцам, які берэт ужо мае. Трэнеры там усё судзілі паводле балаў, як у спорце.

Усе ўдзельнікі лагеру ішлі здаваць на берэт?

Не, на жаданне. Агулам са ста чалавек маглі пайсці чалавек 30, з іх берэт атрымлівалі 3–5–7 чалавек. Атрымаць сапраўды было складана, але апошнімі гадамі нават дзяўчаты за яго змагаліся: памятаю, што адна нават атрымала.

Фота з архіву В.

Яшчэ можна было атрымаць грамату або падарункі: каму мяч, каму значак ад памежнікаў – «За 100 выхадаў на мяжу» ці нешта ў такім стылі. Дзіўна, што нам давалі такія знакі, мы ж не былі вайскоўцамі. Табе 15 гадоў, а ты ўжо маеш знак і паперку з пячаткаю ды нумарам ад памежнай часткі. На ўручэнні чорных берэтаў хлопцы станавіліся на калена, цалавалі берэт і крычалі «Дружба и братство важнее любого богатства!», калі не памыляюся. Такі ж дэвіз быў выгравіяваны на корціках, іх уладальнікам берэтаў давалі на выхадзе з клубу.

«Бараніць айчыну, але якую?.. Не ўдакладнялі»

Была нейкая сістэма спагнанняў, пакаранняў?

Аднойчы хлопец не прыйшоў на вячэрнюю паверку (пастраенне, малітва, даклад камандзіраў). Згубіўся ў лагеры… Гэта «касяк»! Пакуль яго не было, камандзір выдумаў гульню: кажа, дастаньце галінку з дрэва. Усе лезуць на нейкі пагорак, ламаюць галінкі, нясуць. Ён кажа: «А я не тую прасіў». Зноў усе бягуць… разоў па 20 туды-назад. І так працягваецца, пакуль не з’явіцца «залётчык».

Фота з архіву В.

Пасля ён ужо адціскаецца пад наглядам чорнага берэта. Наглядчык лічыць за яго, напрыклад, 10, 11, 12, 12, 12 і г. д. Разоў сто, можа, адціснуўся ён тады. Старэйшыя лягчэй гэта пераносілі, малодшыя і задыхаліся, і плакалі. Цяжка ж малому, у яго нават «дыхалка» так не працуе.

А ідэалогія нейкая была? Можа, госці з Расеі, казакі?..

Нейкай акрэсленай… не, не было. Хутчэй, акцэнт рабіўся на праваслаўі. Маўляў, мы «праваслаўныя мужы», маем бараніць сваіх (будучых) жонак, сваю айчыну. А якую айчыну? Не ўдакладнялі. Маглі быць нейкія жарты пра Амерыку, але не больш за тое. Ніякіх казакоў ці спецаў з Расеі пры мне таксама не было.

Неяк ездзілі на спаборніцтвы па расейскім праваслаўным баі ў Маскву, гэта было. Там з’язджаліся ўдзельнікі такіх клубаў з усяго СНД. Фінальны спарынг – на Краснай плошчы ў Маскве. Недзе нават тышортка ў мяне захавалася…

Фота з архіву В.

«Глядзелі «Сволочи» ды фільмы пра Чачэнію»

Такіх клубаў у Беларусі, ясна, больш за тры. Былі нейкія рэспубліканскія злёты?

Так, былі, на базе памежных частак – Ліда, Смаргонь, Полацк. У Полацку малебен быў урачысты ў Сафіі, пасля – ля помніку вайне 1812 года і ВАВ, здаецца. Усе прыгожыя, па форме, камуфляж, берцы. Заставы нам паказвалі, побыт памежнікаў. Калі былі ў частцы ў Берасці – асобна завялі да стэнду, прысвечанага Лукашэнку, бо ён там служыў. У сталоўку шыхтам хадзілі, «Кацюшу» спявалі.

Здаралася, рабілі нам пад’ём сярод ночы па трывозе: усе бяжым у лес, шукаць «дыверсантаў». Бадзяемся, зразумела, нікога не знаходзім, у казарму валачомся дасыпаць… але які там ужо сон? Вадзілі таксама ў клуб часткі, кіно паказваць…

А што глядзелі?

Пра вайну, вядома ж. «Сволочи», напрыклад, яшчэ нешта на тэму «Вялікай Айчыннай» і вайны ў Чачэніі.

Паказальныя выступы клубаў на Кургане Славы, Горадня 2015 год

«Спецназаўцаў смяшыла, што мы здаём на чорны берэт…»

Узімку былі злёты?

Раз на два гады, каля Менску, у вёсцы Аколіцы на базе часткі спецназу 3310. Там выключна казарменны побыт: ложкі ў казарме, канцікі, адзежа на зэдліку… Самае цікавае на зімніх зборах – марш-кідок. Цёмна, 22-ая гадзіна, кожны атрад бяжыць па чарзе. На табе аўтамат, мадэль або драўляны муляж, супрацьгазавая маска вісіць. Забягаеш у разбураны будынак, страляеш па мішэнях і пабег далей. На адным кавалку паўзеш па снезе ў супрацьгазе, на іншым табе ў твар шашку дымавую сунуць, пасля – па ледзяной вадзе прапаўзаеш: халодна, бруд, такое сабе…

А з баявой зброі давалі страляць?

Давалі і з баявога Калаша пастраляць: тры набоі прыстрэльваешся, тры – прыцэльна. Салдатам, якія служылі ў той частцы, было цікава, хто мы такія, падыходзілі, гутарылі. Ім было смешна, што мы здаём на чорны берэт – яны ж самыя ўсе ў чорных берэтах… А для нас гэта была азнака якасці, дасягненне, аддалены прататып крапавага берэту.

Паказальныя выступы клубаў на Кургане Славы, Горадня 2015 год

«Адназначна не страчаны час»

А як ты сышоў з клубу?

Агулам я ў клубе прабыў, атрымліваецца, з 2010–11-га недзе да 2014-га. Там ужо паступленне было, не да таго… Так, некалі хацелася стаць вайскоўцам, трапіць у Акадэмію, але не прайшоў праз здароўе. Асабіста мне, шчыра, усё гэта было карысна. Я ўдзячны трэнерам – асабліва за заняткі па «рукапашцы», цяпер я ўжо нешта магу.

Вайсковая тэорыя, як мне падаецца, выкладалася слабавата. Ухіл быў акурат на праваслаўныя пропаведзі: 40 дзён да Вялікадня, тыдзень фарысея, тыя самыя лекцыі штогод… Мы як удзельнікі клубу хадзілі таксама ў нядзельную школу, але пасля я асабіста закінуў – на гэта кіраўніцтва заплюшчвала вочы.

Дзяніс Мішкель з выхаванцамі

Значыць усё ж такі клуб не стаў для цябе страчаным часам?

Адназначна не страчаны час. У 15 гадоў гэта было цікава. Але цяпер як чалавек з вышэйшай адукацыяй я з войскам не хацеў бы звязваць свайго жыцця, вайсковаю тэмаю ды зброяй асабліва не цікаўлюся ўжо – іншае жыццё і прыярытэты.

Ну, а шуміха ў медыях наконт праваслаўнага Талібану, патэнцыйных агентаў «русского мира» ды іншыя публікацыі наконт вашых клубаў – цябе гэта неяк закранула?

Матэрыялы на «Нашай Ніве» ды іншых рэсурсах выйшлі, калі мяне ўжо не было ў клубе. Пасля гэтага клубы і згарнулі, калі не памыляюся. Паўтаруся, у нас фактычна не было ідэалогіі, гэта было дапрызыўнае рыхтаванне з малітвамі перад ежаю, то бок праваслаўным акцэнтам. Я кажу пра тое, што бачыў.

Кантактаў пасля не трымаў з хлопцамі ці кіраўнікамі?

Зразумела, што ў кіраўнікоў нашыя кантакты засталіся, але ніхто нас не збіраў, не турбаваў пасля. Сышоў з клубу – пра цябе забыліся. Часам сустрэнеш нейкага трэнера на прыпынку, пастаіш, пагутарыш. Радыя бачыць. Ведаю, што а. Аркадзь ужо не служыць ва Уладзімірскай царкве. Адзін з трэнераў меў праблемы на месцы службы – ён працаваў у міліцыі. Ён нават профілі свае ў сацыяльных сетках выдаліў… Але падрабязнасцяў я не ведаю. Навошта мне гэта? І навошта гэта вам?..

Алесь Кіркевіч, belsat.eu

Стужка навінаў